- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак скіраваў пасланне да лідэраў “Вялікай дваццаткі”

[1]Наданне прыярытэту бедным і адчужаным, адмаўленне ад узброеных канфліктаў і спыненне гонкі ўзбраенняў — з такім заклікам звярнуўся 7 ліпеня 2017 г. Папа Францішак да сусветных палітычных лідэраў у сваім пасланні з нагоды адкрыцця ў нямецкім Гамбургу саміта краін “Вялікай дваццаткі”.

У распрацоўцы палітычных мер адказу на праблемы сусветнага характару неабходна надаваць “абсалютны прыярытэт бедным, бежанцам, церпячым, асобам у эвакуацыі і адчужаным, не зважаючы на іх нацыянальную ці расавую прыналежнасць, веравызнанне і культуру”, гаворыцца ў звароце Святога Айца на імя канцлера Германіі Ангелы Меркель.

Пантыфік скіраваў да міжнароднай супольнасці “сумны заклік” у сувязі з “трагічнай сітуацыяй” у Паўднёвым Судане, рэгіёне басейна возера Чад, на паўвостраве Самалі і ў Йемене, “дзе трыццаць мільёнаў чалавек не маюць ежы і пітной вады”. На думку Папы, намаганне тэрмінова адказаць на гэты крызіс стане знакам “сур’ёзнасці і шчырасці высілкаў” па рэфармаванні сусветнай эканомікі і гарантыяй яе “эфектыўнага” развіцця.

Папа Францішак запэўніў удзельнікаў саміта ў сваёй “удзячнасці” за высілкі краін-лідэраў па забеспячэнні “кіруемасці і стабільнасці сусветнай эканомікі” з наданнем асаблівай увагі фінансавым рынкам, гандлю, пытанням падаткаабкладання, “росту сусветнай эканомікі” ў перспектыве інклюзіўнасці і ўстойлівасці.

Гэтыя намаганні, аднак, “неаддзельныя” ад наяўных канфліктаў і міграцыйнага пытання планетарнага характару, падкрэсліў Святы Айцец. Прызнаючы адсутнасць хуткіх і цалкам здавальняючых адказаў на гэтыя выклікі і ўсведамляючы, што міграцыйны крызіс звязаны з беднасцю і абвастраецца войнамі, Пантыфік адзначыў, тым не менш, што магчыма запусціць працэсы, здольныя прапанаваць “прагрэсіўныя і нетраўматычныя” рашэнні, якія прывялі б у адносна кароткі тэрмін да “свабоднага перамяшчэння” і “стабільнасці” людзей. Перад абліччам наяўнай “шырокай панарамы актуальных або патэнцыяльных канфліктаў” Папа Францішак нагадаў, што “вайна ніколі не можа быць рашэннем”.

“Новыя ідэалогіі” абсалютнай незалежнасці эканамічных рынкаў і фінансавыя спекуляцыі пакідаюць “трагічны адбітак” у выглядзе ізаляцыі, адчужэння і смерці. Таму Святы Айцец заклікаў кіраўнікоў дзяржаў захоўваць жывой памяць аб еўрапейскіх і сусветных палітычных лідэрах, “якія заўсёды надавалі перавагу дыялогу і пошуку ўзаемавыгадных рашэнняў”.

Папа выказаў надзею на тое, што сумесная праца кіраўнікоў краін “Вялікай дваццаткі” падчас распачатага саміта будуць прасякнуты “духам адказнай салідарнасці”.

Ватыканскае Радыё [2]