Вечарам 24 ліпеня 2022 года Пантыфік прыбыў у Канаду. У міжнародным аэрапорце Эдмантана высокага госця віталі прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў, а таксама карэнных народаў.
Пасля больш чым дзесяцігадзіннага пералёту Святы Айцец ступіў на канадскую зямлю. Ён стаў другім у гісторыі Пантыфікам, які прыбыў у гэту краіну. Да яго тут быў святы Ян Павел ІІ, прычым тройчы: у 1984, 1987 і 2002 гадах. Візіт у Канаду – 37-е Апостальскае падарожжа Францішка. З пачатку пантыфікату ён наведвае ўжо 58-ю краіну.
Згодна з пратаколам, першым на борт самалёта падняўся Апостальскі нунцый у Канадзе, арцыбіскуп Іван Юркавіч. Папу, які перасоўваўся на інваліднай калясцы, сустракалі Генерал-губернатар Канады Мэры Сайман, Прэм’ер-міністр Джасцін Трудо і прадстаўнікі карэнных народаў. Цырымонія не прадугледжвала прамоў. Адбылося ўзаемнае прадстаўленне дэлегацый, рота ганаровай варты аддала ваенныя ўшанаванні, прадстаўнікі карэнных народаў выканалі прывітальны спеў.
Затым, у VIP-зале аэрапорта адбылася кароткая прыватная сустрэча Папы з прадстаўнікамі ўладаў. Афіцыйныя перамовы паміж імі абудуцца 27 ліпеня ў рэзідэнцыі Генерал-губернатара ў Квебэку.
З аэрапорта Папа Францішак накіраваўся ў семінарыю святога Юзафа ў Эдмантане. Праграма першага дня яго падарожжа не прадугледжвае публічных мерапрыемстваў, каб Святы Айцец мог адпачыць пасля доўгага пералёту і адаптавацца да іншага часавога поясу.
25 ліпеня Пантыфік прыбыў у горад Масквачыс, у 100 кіламетрах на поўдзень ад Эдмантана, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі канадскіх першых народаў, метысаў і інуітаў, і памаліўся разам з імі на мясцовых могілках. На пачатку сваёй прамовы Папа патлумачыў, чаму яго “пакаянная пілігрымка” пачалася менавіта “з гэтага сумна вядомага месца”: “Я прыехаў у вашы родныя мясціны, каб асабіста падзяліцца сваім болем, прасіць Бога аб прабачэнні, вылячэнні і прымірэнні, выказаць маю духоўную блізкасць, маліцца разам з вамі і за вас”.
Пантыфік нагадаў, што чатыры месяцы таму ў Ватыкане дэлегаты карэнных народаў падарылі яму дзве пары макасін “на знак пакут, што выпалі на долю дзяцей карэнных народаў, асабліва тых, якія, на жаль, так і не вярнуліся дамоў з школ-інтэрнатаў”. “Памяць пра гэтых дзяцей напаўняе смуткам і заклікае дзейнічаць, каб да кожнага дзіцяці адносіліся з любоўю, пашанай і павагай. Гэтыя макасіны, указваюць на шлях, якім мы хочам ісці разам. Ісці разам, маліцца разам, працаваць разам, каб цярпенні мінулага саступілі месца будучыні справядлівасці, вылячэння і прымірэння”, — сказаў ён.
Святы Айцец патлумачыў, што гэта прычына таго, чаму першы этап яго пілігрымкі праходзіць на землях, дзе са спрадвечных часоў пражываюць карэнныя народы: іх тэрыторыі захоўваюць памяць пра павагу да зямлі, падараванай Творцам, пра пачуццё сям’і і супольнасці, пра сувязі паміж пакаленнямі, пра пашану да старыкоў і клопат аб моладзі. У карэнных народаў ёсць “шмат цудоўных звычаяў і вучэнняў, у цэнтры якіх – клопат пра іншых і любоў да праўды, мужнасць і павага, сціпласць, сумленнасць і жыццёвая мудрасць”, — падкрэсліў Папа.
У той жа час Пантыфік заўважыў, што памяць аб гэтым месцы прыводзіць і да сумных момантаў, якія адгукаюцца “крыкам болю, сціснутым плачам”, што суправаджаў яго ўсе гэтыя месяцы. Пакуты і трагедыі, якія выпалі на долю многіх з прысутных, перажываюцца нанова, калі пра іх забываюць. Памятаць – гэта правільна, — падкрэсліў Папа, бо забыццё прыводзіць да абыякавасці, што з’яўляецца супрацьлегласцю любові.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя [3] Vatican News

