- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак прызначыў біскупа-каад’ютара для Гродзенскай дыяцэзіі

[1]Сёння, 5 красавіка 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Уладзіміра Гуляя, да гэтага часу пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Ліда Гродзенскай дыяцэзіі і Біскупскага вікарыя душпастырства для Лідскага рэгіёна, біскупам-каад’ютарам гэтай жа дыяцэзіі.

Кс. Уладзімір Гуляй нарадзіўся 14 чэрвеня 1975 года ў Ваўкавыску (Беларусь).

Пасля навучання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі (1992-1998), прыняў 26 чэрвеня 1999 г. прэзбітэрскае пасвячэнне з інкардынацыяй у той жа дыяцэзіі.

Спецыялізаваўся ў дагматычнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), атрымаўшы ліцэнцыят у 2000 г., а дактарат у 2011 г.

3 2000 па 2001 гг. быў вікарыем парафіі святога Францішка Ксаверыя ў Гродне, з 2001 па 2003 гг. — прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, з 2003 года — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

3 лістапада 2006 г. — Біскупскі вікарый душпастырства для Лідскага рэгіёна, а з 2016 г. — канонік грэміяльны катэдральнага капітула Гродзенскай дыяцэзіі.

3 верасня 2001 г. таксама выкладаў дагматычную тэалогію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Кім з’яўляецца біскуп-каад’ютар?

Функцыя біскупа-каад’ютара апісана ў Кодэксе кананічнага права ў канонах 403-411.

Як сказана ў каноне 403 § 3, «калі Святая Сталіца палічыць гэта больш карысным, яна можа сваёй уладай устанавіць біскупа-каад’ютара, надзеленага спецыяльнымі паўнамоцтвамі; біскуп-каад’ютар мае права наступства».

Біскуп-каад’ютар, як і дапаможны біскуп, мае правы і абавязкі, акрэсленыя прадпісаннямі Кодэкса кананічнага права і ўдакладненыя ў лісце аб прызначэнні.

Каад’ютар, падобна як дапаможны біскуп, прызначаецца для таго, каб дапамагаць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй, a таксама замяшчаць яго падчас адсутнасці або пры наяўнасці перашкодаў.

Біскуп-каад’ютар заўсёды павінен з’яўляцца генеральным вікарыем.

Каад’ютар становіцца на чале дыяцэзіі з хвіліны, калі біскупская сталіца становіцца вакантнай. У практыцы гэта азначае, што кс. канонік Уладзімір Гуляй, які 5 красавіка быў прызначаны біскупам-каад’ютарам Касцёла на Гродзеншчыне, будзе служыць у Гродзенскай дыяцэзіі як дапаможны біскуп да часу сыходу ў адстаўку сённяшняга ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Біскуп Кашкевіч кіруе Гродзенскай дыяцэзіяй з моманту яе заснавання – з 1991 года. Сёлета ў верасні іерарху споўніцца 75 гадоў.

Паводле catholic.by [2] і grodnensis.by [3]