- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак пра евангелізацыю праз мастацтва

[1]17 лютага 2022 года Пантыфік прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў французскага аб’яднання Дыяконія прыгажосці (Diaconie de la Beauté), якое займаецца евангелізацыяй праз мастацтва.

Святое Пісанне шмат гаворыць пра прыгажосць сусвету, якая па аналогіі адносіцца да прыгажосці Створцы, яно таксама нагадвае аб тым, што кожны чалавек натуральным чынам пакліканы быць майстрам і захавальнікам гэтай прыгажосці, — заўважыў Папа Францішак. “Мастацкі твор у пэўным сэнсе завяршае прыгажосць стварэння і, натхнёны верай, больш выразна адкрывае людзям тую Боскую любоў, якая ляжыць у яго вытоках”, — дадаў ён.

Дзякуючы Дыяконіі за дзесяцігадовую працу, Пантыфік запрасіў сваіх гасцей уважліва перачытаць Ліст да людзей мастацтва Яна Паўла ІІ, у якім адзначаецца неабходнасць мастацтва для перадачы паслання, даверанага Касцёлу Хрыстом. Менавіта мастацтва робіць духоўны, нябачны, Божы свет адчувальным, яно “мае здольнасць спасцігаць той ці іншы аспект паслання, пераводзячы яго ў колеры, формы, гукі, якія падтрымліваюць інтуіцыю тых, хто глядзіць або слухае”.

Папа Францішак заклікаў Дыяконію прыгажосці размаўляць з сённяшнім чалавекам, кранаючы ў ім самае лепшае. “Касцёл разлічвае на вас сёння ў дапамозе братам і сёстрам мець чулае і спагадлівае сэрца, адноўлены позірк любові на свет і бліжніх”.

“У цяжкім бягучым кантэксце, у якім існуе свет, калі часам, здаецца, пераважаюць разгубленасць і смутак, ваша місія як ніколі неабходная, таму што прыгажосць заўсёды з’яўляецца крыніцай радасці, дапамагаючы нам сустрэцца з Божай дабрынёй. (…) Свет сёння як ніколі патрабуе прыгажосці”, — адзначыў Папа Францішак.

Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]