- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа будзе шпіталізаваны ў клініку “Джэмэлі” 13 кастрычніка

[1]У аўторак, 13 кастрычніка 2026 года, у першай палове дня Папа Леў XIV будзе шпіталізаваны для правядзення аперацыі па выдаленні вузла ў лёгкім. У сувязі з гэтым у рабочым графіку Папы адбыліся змены.

Пра неабходнасць хірургічнага ўмяшання Папа паведаміў сам 11 кастрычніка 2026 года пасля завяршэння нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, папрасіўшы вернікаў маліцца за яго. Пасля гэтага ён атрымаў і працягвае атрымліваць шматлікія пасланні з пажаданнямі хуткага выздараўлення з усяго свету.

Дату шпіталізацыі назваў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні. Чакаецца, што пасля аперацыі Папа Леў XIV правядзе ў бальніцы каля тыдня.

У сувязі са шпіталізацыяй працоўны графік Папы зменіцца. Раніцай 12 кастрычніка ён правёў усе запланаваныя аўдыенцыі, аднак у другой палове дня не будзе ўдзельнічаць у сустрэчы «Праз 10 гадоў пасля “Amoris laetitia”: абвяшчаць Евангелле з сучаснымі сем’ямі», якая праходзіць у Зале Паўла VI.

Як паведаміў на брыфінгу ў Зале Друку Святога Пасада ксёндз Джакама Коста, кансультант Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, адказны за метадалогію сустрэчы, Святую Імшу з нагода 10-й гадавіны апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”, якая адбудзецца ў сераду, 14 кастрычніка 2026 года, на Плошчы святога Пятра, замест Папы ўзначаліць кардынал Луіс Антоніа Тагле, прызначаны нядаўна новым дэканам Калегіі кардыналаў. У Эўхарыстыі прымуць удзел кіраўнікі Усходніх Цэркваў, прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый, кардыналы, сужэнскія пары і эксперты, якія прымаюць удзел у саміце аб будучыні сям’і.

“Падчас Імшы мы будзем асаблівым чынам маліцца за здароўе Святога Айца, а таксама за сем’і”, — сказаў падчас брыфінгу айцец Коста.

Што да выніковай справаздачы сустрэчы, то, па словах айца Косты, Папа пажадаў азнаёміцца з ёй пасля выпіскі, таму “папрасіў, каб справаздача не была апублікавана, як планавалася папярэдне, бо ён хацеў бы яе выслухаць і выказаць сваё меркаванне”.

Марыя Валодзіна – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]