[1]Святы Айцец абраў тэмы Сусветных дзён моладзі, якія будуць адзначацца ў мясцовых Касцёлах у 2023 і 2024 гадах. Святкаванні пройдуць ва ўрачыстасць Хрыста Валадара.
38-я Сусветныя дні моладзі ў 2023 годзе пройдуць пад дэвізам Цешцеся надзеяй (Рым 12,12). Тэма 39-х Сусветных дзён моладзі, якія будуць адзначацца ў 2024 годзе – Хто спадзяецца на Пана, пабягуць і не стомяцца (пар. Іс 40, 31). Аб гэтым паведаміла 26 верасня 2023 года ватыканская Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Дыяцэзіяльныя Дні моладзі адзначаць пачатак падрыхтоўкі да Моладзевага юбілею – 2025, які пройдзе ў рамках Святога года пад дэвізам Пілігрымы надзеі.
Радасці і надзеі, смутак і трывогі сучасных мужчын і жанчын, асабліва бедных і тых, хто пакутуе, — гэта радасці і надзеі, смутак і трывогі паслядоўнікаў Хрыста, — гаворыцца ў пастырскай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора Gaudium et spes. Цяпер, як і тады, Касцёл жадае адрадзіць надзею ў свеце. У гэтым ён разлічвае на маладых людзей – галоўных герояў гісторыі і місіянераў радасці, — гаворыцца ў паведамленні.
У апостальскай адгартацыі Christus vivit Папа Францішак назваў Хрыста «надзеяй і самай прыгожай маладосцю гэтага свету». Святы Айцец спадзяецца, што новыя тэмы наступных СДМ дапамогуць моладзі “паглыбіцца ў сэнс хрысціянскай надзеі і з радасцю засведчыць, што Хрыстус жывы”, — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Марыя Валодзіна – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]