[1]Папа Францішак заклікаў вернікаў суправаджаць малітвай яго Апостальскае падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю. Адмысловы заклік ён скіраваў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 1 снежня 2021 года прайшла ў Ватыкане.
“Заўтра я накіруюся на Кіпр, а потым у Грэцыю, каб здзейсніць візіт да дарагога насельніцтва гэтых дзвюх краін з багатай гісторыяй, духоўнасцю і культурай. Гэта будзе падарожжа да крыніцаў апостальскай веры і братэрства паміж хрысціянамі розных канфесій. Я буду мець магчымасць наблізіцца да чалавецтва, параненага ў целе шматлікіх мігрантаў, што шукаюць надзеі: я накіруюся на Лесбас. Прашу вас, калі ласка, суправаджайце мяне малітвай. Дзякую”, — сказаў Пантыфік .
Візіт Францішка на Кіпр і ў Грэцыю пройдзе з 2 па 6 снежня 2021 г. Гэта будзе яго 35-е Апостальскае падарожжа. У 2001 годзе Грэцыю наведваў св. Ян Павел ІІ, а Бэнэдыкт XVI быў першым Папам, які адправіўся на Кіпр. Гэта адбылося ў 2010 годзе.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News