[1]Не спыняцца на калядных сімвалах, а глядзець глыбей, пазнаючы сапраўдны сэнс Божага Нараджэння, — заклікаў Папа Францішак сабраных 6 снежня 2020 г. на малітву «Анёл Панскі».
Пантыфік звярнуў увагу на ёлку і батлейку, якую ў гэтыя дні ўстанаўлівалі на галоўнай ватыканскай плошчы. “Гэтыя два калядныя сімвалы таксама прысутнічаюць у многіх дамах, на радасць дзецям – і нават дарослым. Яны з’яўляюцца прыкметай надзеі, асабліва ў гэты цяжкі час”, — сказаў Папа.
Ён заклікаў «не спыняцца на знаках, але ісці да сэнсу, да Езуса: да Божай любові, якую Ён нам адкрыў, да бясконцай дабрыні, ззянне якой Ён паказаў свету».
«Няма такой пандэміі, няма такога крызісу, які мог бы загасіць гэтае святло. Дазволім жа яму ўвайсці ў нашыя сэрцы: працягнем руку тым, каму гэта больш за ўсё патрэбна, каб Бог зноў нарадзіўся ў нас і сярод нас», — заклікаў Папа Францішак.
Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]