- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пантыфік: цяпер час для дыялогу і будавання мастоў

[1]19 мая 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, а таксама іншых рэлігійных традыцый, якія прыбылі ў Рым з нагоды інаўгурацыі яго служэння на Пасадзе святога Пятра.

Святы Айцец нагадаў, што пантыфікат яго папярэдніка, Папы Францішка, прайшоў пад знакам братэрства, дыялогу, умацавання экуменічных і міжрэлігійных адносін – у першую чаргу дзякуючы асабістым сустрэчам і кантактам. “Няхай Бог дапаможа нам захаваць яго спадчыну”, — сказаў ён.

Папа Леў XIV заўважыў таксама, што яго абранне супала з 1700-годдзем Нікейскага Сабора, які стаў важным этапам у распрацоўцы Сімвала веры, прынятага ўсімі Цэрквамі. “Як Біскуп Рыма, я лічу адным з маіх прыярытэтных абавязкаў пошук аднаўлення поўнага і бачнага адзінства паміж усімі, хто вызнае аднаго Бога – Айца, Сына і Святога Духа”, — падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што заўсёды надаваў важнасць клопату пра адзінства, пра што сведчыць дэвіз яго біскупскага служэння: “In Illo uno unum” (“У Ім адзіным мы адзіныя”). Ён нагадаў, што адзінства паміж хрысціянамі залежыць ад таго, наколькі яны будуць верныя і паслухмяныя Богу.

Папа Леў XIV згадаў пра блізкую сувязь паміж сінадальнасцю і экуменізмам, запэўніўшы ў сваім намеры працягваць намаганні, якія Папа Францішак прыкладаў дзеля спрыяння сінадальнаму характару Каталіцкага Касцёла і развіцця сінадальнасці ў экуменічнай сферы.

Пантыфік заўважыў, што імкненне да адзінства павінна ахопліваць усіх. “Цяпер час для дыялогу і будавання мастоў”, — сказаў ён, выказаўшы падзяку за прысутнасць і ўклад у культуру дыялогу прадстаўнікам юдаізму і ісламу.

“З прычыны юдэйскіх каранёў хрысціянства ўсе хрысціяне маюць асаблівыя адносіны з юдаізмам”, — нагадаў Святы Айцец, адзначыўшы веліч супольнай духоўнай спадчыны гэтых дзвюх рэлігій, пакліканых да ўзаемнага пазнання і павагі.

“Тэалагічны дыялог паміж хрысціянамі і юдэямі застаецца важным і мне асабліва блізкі. Таксама ў гэтыя цяжкія часы, пазначаныя канфліктамі і непаразуменнямі, неабходна з запалам працягваць гэты наш такі каштоўны дыялог”, — сцвердзіў Папа.

“У свеце, параненым насіллем і канфліктамі, кожная з прадстаўленых тут супольнасцяў уносіць свой уклад мудрасці, спачування і намаганняў дзеля дабра чалавецтва і аховы супольнага дома. Я ўпэўнены, што калі мы будзем з’яднаныя і свабодныя ад ідэалагічных і палітычных уплываў, тады зможам з моцай сказаць “не” вайне і “так” міру, “не” гонцы ўзбраенняў і “так” раззбраенню, “не” эканоміцы, якая збядняе народы і Зямлю, і “так” цэласнаму развіццю”, — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа Леў XIV пажадаў, каб сведчанне братэрства, выказанае праз канкрэтныя жэсты, дапамагло пабудаваць больш мірны свет – такі, пра які мараць усе людзі добрай волі.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]