- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пантыфік благаславіў электрабалід для «Формулы Е»

[1]Папа Францішак благаславіў 11 красавіка 2018 г. электрабалід для аўтагонак «Формулы Е». Аўтамабіль быў дастаўлены на плошчу перад Домам св. Марты, дзе пражывае Пантыфік. Цырымонія адбылася перад пачаткам агульнай аўдыенцыі. У ёй узялі ўдзел стваральнікі аўто і арганізатары чэмпіянату.

«Формула E» – гэта клас аўтагонак на электрамабілях, заснаваны ў 2012 г. і санкцыянаваны міжнароднай аўтамабільнай федэрацыяй «FIA». Мэтай стала імкненне стварыць лабараторыю для даследаванняў і распрацоўкі электрычных транспартных сродкаў, а таксама іх папулярызацыя.

Святы Пасад даўно ставіць на электрамабілі. У ватыканскім гаражы шмат машын з электрычным прывадам. Так, некалькі месяцаў таму «General Motors» падарыла Пантыфіку тры такога роду аўтамабілі. Раней, у свой 80-ы Дзень нараджэння ў снежні 2016 г. Папа Францішак атрымаў у падарунак ад адной берлінскай кампаніі электрычны «Nissan». А да Году Міласэрнасці нямецкі канцэрн «BMW» перадаў Святому Пасаду некалькі сваіх электракараў.

Трэба нагадаць, што падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI на электрамабілі пераселі ватыканскія службы парадку.

Ватыканскае Радыё [2]