Памяць ксяндза Андрэя Горбача ў першую гадавіну смерці ўшанавалі ў Астраўцы

8 лістапада ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы адбылася Святая Імша ў інтэнцыі ксяндза Андрэя Горбача ў першую гадавіну яго смерці.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя, вернікі, родныя і блізкія спачылага, каб разам з’яднацца ў малітве.

Біскуп у гаміліі ўзгадаў жыццё і служэнне кс.Андрэя. “Святар не жыў для сябе. Кс. Андрэй быў сынам гэтай зямлі, сынам гэтай дыяцэзіі. Яго шлях не быў выпадковым. Бог паклікаў яго і ён адказаў. Колькі разоў ён благасляў, каб падняць святую гостыю. Яго голас гучаў з гэтага алтара, яго ногі хадзілі па астравецкіх сцяжынках, яго сэрца білася побач з нашымі сэрцамі”.

Таксама падкрэсліў, што  цела пастыра спачывае, а плод яго служэння працягвае жыць у тых, каго ён хрысціў, каму адпускаў грахі, у тых, каго суцешыў у смутку, дапамог знайсці неба, у тых, хто праз яго рукі атрымаў Хрыста ў Эўхарыстыі.

Біскуп дадаў, што ўвесь яго шлях, у якім упляталіся чалавечыя сілы і слабасці, малітвы і змаганні, усё гэта штодзённая дарога святарства і яго шчырае жаданне прывесці людзей да Бога. Што святар – гэта той, хто дазволіў духу Божаму ўвайсці ў яго жыццё і кіраваць ім,той, хто ўсвядамляе, што яго служэнне гэта не прафесія, а шлях служэння для людзей.

Іерарх звярнуў увагу прысутных таксама на таямніцу паклікання. Заахвоціў да асаблівай малітвы аб новых пакліканнях да святарства і манаскага служэння.

На заканчэнне пробашч парафіі Юрый Кузьміч падзякаваў святарам, вернікам за малітвы ў інтэнцыі кс. Андрэя, якія  з’яўляецца доказам ўдзячнасці і памяці пра святара, што служыў на гэтай зямлі.

Пасля св. Імшы ўсе накіраваліся да магілы кс.Андрэя. Яна знаходзіцца каля самой святыні, дзе служыў ксёндз. Біскуп благаславіў помнік, усталяваны на магіле святара.

Памяць пра пастыра жыве ў сэрцах людзей, якім ён дапамог знайсці шлях да Бога.

Вольга Заянчкоўская, тэкст і фота

для друку для друку