- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Паэты ў кіно. Фільмы “Выхавацелька” і “Патэрсан”

[1]Анна прыгожая, досыць прыгожая для мяне.
Сонца трапляе ў яе жоўты дом.
Быццам знак дае Бог.

Жанчына хапае папяровы аркуш і спешна запісвае радкі за маленькім Джымі… Жанчыну клічуць Ліза, яна працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Ёй за сорак. Яе каханы муж стаў звыклым і нудным, з дзецьмі адносіны не ладзяцца ды і праца не прыносіць былой радасці. Усё жыццё Лізы поўнае руціны і аднастайнасці. Адзіная яе аддушына – курсы паэзіі. Удзельнікі збіраюцца разам, чытаюць свае вершы, разбіраюць, даюць водгукі. Але і тут Лізе не шчасціць, ёй далікатна даюць зразумець, што яе творам не стае арыгінальнасці і шчырасці, што ёй не стае таленту. Здаецца, прасвету няма, але аднойчы ў канцы працоўнага дня яна бачыць, як адзін з яе маленькіх выхаванцаў засяроджана ходзіць па пакоі і мармыча пад нос радкі пра прыгожую Анну.

Сціплая, але пранізлівая карціна Сары Каланджэла “Выхавацелька” (2018) уздымае цэлы шэраг складаных і вострых тэмаў. Галоўная гераіня перажывае крызіс сярэдняга ўзросту. Шукаючы выйсця з паглынуўшай яе руціны і спрабуючы знайсці сябе, Ліза звяртаецца да паэзіі. Яе выбар не памылковы, бо яна і сапраўды адчувае прыгажосць слова. Праблема ў тым, што рэалізавацца як паэтка яна няздольная: не стае таленту, аднак яна беспамылкова выяўляе яго ў пяцігадовым хлопчыку. Так тэма ўзроставага крызісу сплятаецца з іншай – тэмай пасярэднасці і генію.

Ліза імкнецца абнавіць сваё жыццё, яна хоча знайсці ў сабе асаблівага чалавека, жадае быць прызнанай. Аднак яе надзеі разбіваюцца аб жорсткае ўсведамленне, што яна слабы паэт, і адначасова лёс сутыкае яе з сапраўдным талентам. Нічым не заслужаным талентам, дарам, атрыманым за так. Жанчына прыходзіць у захапленне ад адоранага дзіцяці і становіцца літаральна апантанай хлопчыкам. Яна бачыць у Джымі сапраўдны цуд, якога пазбаўленая сама. Яе раздзіраюць захапленне і ціхая нявольная зайздрасць, прага выпеставаць неакрэплага генія і падспуднае жаданне прысвоіць яго дар. На курсах яна чытае вершы хлопчыка, як свае, каб хоць ненадоўга атрымаць такое жаданае прызнанне. Але нават выкрыўшы свой падлог, Ліза працягвае хапацца за дар Джымі, быццам хочучы хоць так рэалізаваць сябе. Яна спрабуе карэктаваць і накіроўваць неакрэплага паэта, дае парады і спрабуе нечаму навучыць. Горкая іронія, аднак, у тым, што ў сваім настаўніцтве яна прыбягае да банальных метадаў, якім яе навучылі на курсах. Насамрэч, ёй няма чаго даць Джымі, а яе апантанасць яго талентам немінуча выліваецца ў трагедыю.

Па сваёй сутнасці гэты фільм у многім асацыюецца са славутым “Амадэем” і яго гісторыяй Моцарта і Сальеры, толькі “Выхавацелька” больш прыземленая, змешчаная ў нашыя штодзённасць і быт. У адрозненні ад Сальеры, персанаж Лізы, нягледзечы на ўсе яе ўчынкі, выклікае, хутчэй, жаль і спагаду, чым асуджэнне, а набліжанасць сітуацыі да гледача робіць гісторыю асабліва вострай і шчымлівай.

Яшчэ адной паралеллю да “Выхавацелькі” і ў пэўным сэнсе супрацьлегласцю гэтай карціны з’яўляецца фільм Джыма Джармуша “Патэрсан” (2016) – медытатыўная гісторыя пра паэзію простых рэчаў. Карціна павольна і няспешна паказвае тыдзень з жыцця Патэрсана, кіроўцы аўтобуса ў горадзе Патэрсан, штат Нью-Джэрсі. Кожны дзень кіроўцы такі ж, як папярэдні: ён рана ўстае, снедае, ідзе ў аўтапарк, сядае ў аўтобус і ўвесь дзень ездзіць па вуліцах горада, а ў перапынках піша вершы. Увечары ён вяртаецца дадому, вячэрае са сваёй каханай жонкай Лаўрай, а потым ідзе гуляць з бульдогам Марвінам і заходзіць у бар выпіць піва. На экране ўсплываюць надпісы “панядзелак”, “аўторак”, “серада”, але дзень ад дня нічога не змяняецца. І з гэтай размеранай штодзённасці нараджаюцца вершы.

У адрозненні ад “Выхавацелькі” ў “Патэрсане” паэзія выступае не спосабам выйсці за межы руціны і аднастайнасці, але сродкам яе ўслаўлення. Патэрсана не гняце аднастайнасць яго жыцця – яна задае рытм. Кіроўца аўтобуса наўмысна пражывае аднолькавыя дні, і гэта дазваляе яму спазнаць іх глыбей, заўважыць ціхую прыгажосць кожнай праявы жыцця, а кожнае дробнае адрозненне ад учорашняга дня выклікае шчырую зацікаўленасць як у героя, так і ў гледача. Патэрсан піша белыя вершы, але яго свет поўны своеасаблівых рыфмаў. На вуліцы ён раз за разам сустракае блізнятаў, розныя людзі ў розных абставінах раптам гавораць адну і тую ж фразу, а само імя кіроўцы аўтобуса супадае з назвай горада, дзе ён жыве. Рыфмы, аднак, існуюць не толькі ўнутры фільма, але і за яго межамі. Так у адным з эпізодаў у аўтобус Патэрсана сядае пара падлеткаў, якія ігралі галоўных герояў у не менш паэтычным “Каралеўстве ўзыходнага месяца”.

Калі Ліза шукае прызнання і рэалізацыі, то Патэрсан не мае ў гэтым ніякай патрэбы. Яго вершы існуюць самі дзеля сябе. Жонка ўжо даўно просіць Патэрсана апублікаваць іх ці хаця б зрабіць копію рукапісу, які існуе ў адзіным экзэмпляры. Але Патэрсан не спяшаецца гэта рабіць, і тут хаваецца ці не адзіны драматычны момант у гэтым цалкам бесканфліктным сузіральным фільме. Ды і ў рэшце рэшт, калі з вершамі нешта здарыцца, іх заўсёды можна напісаць нанова.

Запалка вось – і прыгажэй няма на свеце!
Адна з паловай цаля мяккай хвоі,
На ёй зярністая ліловая галоўка, цвярозая і палкая.
Яна заўжды гатова ўспыхнуць, даць агню
І, можа, запаліць упершыню тваёй каханай цыгарэту.
І пасля гэтага нішто не будзе, як раней.

Стах Лысы