Мы перажываем Адвэнт з асаблівым пачуццём набліжэння вялікага свята для ўсяго чалавецтва — Нараджэння Збаўцы Езуса Хрыста. У той самы час мы стараемся скарыстацца гэтым перыядам, каб засяродзіцца і пераасэнсаваць рэальнасць свайго жыцця. Хтосьці паглыбляецца ў Эўхарыстыю, наведваючы рараты, хтосьці ўчытваецца ў Святое Пісанне. У любым выпадку прыйсце Бога Сына скіроўвае наш погляд на асобу Яго Маці Марыі. Прыклад Багародзіцы моцны, дадае сілаў чалавеку ў любой патрэбе. Папа Францішак з уласнага досведу ведае гэта і дае інструкцыю пра тое, як жыць па-сапраўднаму.
Падчас Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе Пантыфік прывёў моладзі ў прыклад Марыю. Як узор для наследавання. Як таямніцу для разважання. І як «інструкцыю» для тых, хто яшчэ распазнае свой шлях, сваё пакліканне, сваё месца. Здаецца, што сённяшняя моладзь мае мала агульнага з пабожнасцю Марыі. Якім чынам сённяшнім маладым дзяўчатам знайсці сябе ў сціпласці і пакоры Марыі? Тым больш, якім чынам маладыя мужчыны могуць знайсці сябе ва ўсім гэтым? У бязлітасным свеце, дзе трэба быць цвёрдым і весці вострую барацьбу з цяжкасцямі, здаецца, няма месца пакоры, а тым больш ціхмянасці.
А Папа кажа: наследуйце Марыю!
І, як заўсёды, Папа мае рацыю. Настаў час выкінуць з нашых уяўленняў пра Марыю «цукеркавую пазалоту», робячы з Яе наіўную дзяўчынку, якая не распараджалася сваім жыццём. Трэба ўбачыць у Ёй сапраўдную жанчыну, з плоці і крыві, рашучую ў сваім жыцці і ў выбары, жанчыну, якая жыла па-сапраўднаму.
Магчыма, у часы, калі пануе так званая свабода, менавіта Марыя з’яўляецца найлепшым правадніком, які паказвае, куды ісці, каб не трапіць у пастку ілжывай, неабмежаванай свабоды. Штодня мы ўсё часцей перасякаем мяжу сваіх апраўданняў дзеля ўсё больш жахлівых рэчаў. Мы лёгка прывыкаем адмахвацца на зло. Зацягнутыя дабрачыннасцю, мы забываемся рабіць дабро. Мы рады паслаць грошы галадаючым дзесьці далёка ў свеце, але з меншым энтузіязмам клапоцімся аб хворых бацьках ці старым дзядулю, аддаючы іх на святы ў шпіталі або дамы для састарэлых, каб гэтыя святы былі «казачнымі». Мы ахвотна будзем змагацца за правы жанчынаў, забываючыся аб правах ненароджаных дзяцей. У сацыяльных сетках мы робім з сябе суперлюдзей, якія клапоцяцца пра ўсё і ўсіх, але рэдка саступім на дарозе або прапануем месца ў транспарце.
І вось так сабе жывём у гэтых нашых апраўданнях, нічога не патрабуючы ад сябе, перакананыя, што мы такія добрыя людзі, такія актывісты, рухаем свет наперад.
Папа Францішак кажа глядзець на Марыю. Глядзець на прыклад Той, якая дапамагае рэальна, якая робіць штосьці па-сапраўднаму.
Марыя не высылае ліст на е-мэйл з віншаваннямі, не публікуе пост кшталту: «Іду да сваячкі ў горы — дапамагаць» (чытаем: «Паглядзіце, якая Я добрая»). Ідзе і хоча дапамагчы па-сапраўднаму. Марыя не кажа Анёлу: «У Мяне ёсць правы!», «у Мяне свае планы на жыццё», «Я не інкубатар», а кажа: «Няхай Мне станецца!» і кажа гэта па-сапраўднаму. Яна бярэ адказнасць за ўсе наступствы гэтай згоды.
Марыя не бярэ на сябе ролю Юзафа, прысвойваючы права прымаць рашэнні: «бо Я мудрэйшая, больш кемлівая, абраная», а таксама не пераконвае яго з дапамогаю жаночых хітрасцяў, не маніпулюе Юзафам. Марыя пакідае яму выбар, давяраецца яго распараджэнням і рашэнням: ці абароніць, падтрымае яе, ці не. Марыя паважае Юзафа па-сапраўднаму. Марыя не пераборлівая ва ўмовах жыцця. Не ные: «І чаму Я згадзілася на гэта ўсё?», «за што Мне гэтае жыццё ў хляве?», а парадкуе гэты хлеў так, што туды кожны хацеў бы ўвайсці. Парадкуе дом па-сапраўднаму. Марыя не чакае багацця, не будуе грандыёзных планаў, не разлічвае, што «Сын стане кімсьці і нарэшце верне сваё».
Яна радуецца, што Яе цэняць, заўважаюць, адзначаюць, але галоўнае, што Яна можа ўзяць на сябе працу, не авансы і выгоды, а сапраўднае жыццё і ўсе яго наступствы. І Яна радуецца таму, што мае, па-сапраўднаму.
У рэшце рэшт, Марыя давярае Богу па-сапраўднаму. Не абдумвае, ці правільна Яна зразумела Анёла, ці не выказвае гэты пасланец Бога інтарэсаў «касцёла», якія Яна сама не падтрымлівае? Марыя верыць па-сапраўднаму.
Магчыма, Папа Рымскі хоча паказаць, што мы зашмат думаем, бо сапраўдная вера, надзея і любоў простыя, а мы ўсё перакручваем і ўскладняем. Можа, ужо дастаткова? Прыйшоў час перастаць прыкідвацца і пачаць жыць па-сапраўднаму. Любіць па-сапраўднаму. Без разлікаў і пошукаў выгоды для сябе. На самай справе верыць Богу, што ўсе Яго запаведзі патрэбныя і варта жыць паводле іх, бо вялікае ўчыніў нам Усемагутны. На самай справе спадзявацца на тое, што мы знайшлі ласку ў Пана, і толькі ад нас залежыць, ці хочам мы далей прыкідвацца, што нам добра, ці лепш прымем гэтую ласку па-сапраўднаму.
Папа не гневаецца на «віртуальны свет», а ахвотна карыстаецца ім толькі для таго, каб знайсці нас там. Нас, згубленых у розных рэальнасцях. Нас, страчаных у саміх сабе, якім усё цяжэй даведацца, кім мы з’яўляемся. Нас, якія прыкідваюцца іншымі, абы толькі стварыць лепшае ўражанне. Нас, якія так драматычна шукаюць сапраўднай любові. Папа акунае нас у свет Марыі. У свет Яе таямніцаў. У свет Яе прыгожага жыцця. У бліжэйшы час менавіта Яна павінна стаць нашым паўсюдным правадніком. Прыкладам таго, як жыць па-сапраўднаму.
Магчыма, Папа кажа нам глядзець на Марыю для таго, каб усё і для нас стала Праўдаю. Менавіта так, як для Яе.
Анэта Лібэрацкая, stacja7.pl
Пераклад з польскай мовы Волі Качалкі для ave-maria.by