Новы 80-хвілінны фільм, які 4 кастрычніка 2022 года выйшаў у пракат, – гэта сінтэз дзевяці гадоў падарожжаў Папы і больш чым 600 гадзін відэаматэрыялу, — прызнаўся італьянскі рэжысёр Джанфранка Розі.
Натхненнем для дакументальнай стужкі «У падарожжы» стаў візіт Святога Айца ў Ірак у 2021 годзе. Рэжысёр адзначыў, што яго ідэя – стварыць фільм пра Пантыфіка не з дапамогай “ідэалагічнага ці тэалагічнага падыходу, а праз узнаўленне ўніверсальнай гісторыі”.
“Лічу, што гэта кіно – разважанне аб нашым кульгаючым свеце і аб стане чалавека. (…) Ён не дае адказаў, ён імкнецца стаць падарункам для тых, хто спрабуе нешта змяніць (…). Кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: якая наша пазіцыя ў адносінах да свету, у адносінах да таго, што адбываецца?” — сказаў Розі ў інтэрв’ю Vatican News.
Творца прызнаўся, што яго ўразіла ўменне Папы прасіць аб прабачэнні, таксама асабіста. “На мой погляд, тут ёсць вельмі важны момант, таму што прызнанне ўласных памылак – гэта штосьці глыбока “боскае”. Магчыма, гэта яшчэ адно пасланне фільма: мы павінны зразумець свае ўласныя памылкі, асабіста і як супольнасць”, — сказаў італьянскі рэжысёр.
Прэм’ера прайшла адначасова ў 190 кінатэатрах і больш чым 100 парафіяльных залах Італіі.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
