- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пад апекай Нябеснай Матулі: у Параф’янаве сустрэлі спісы цудадзейных Марыйных абразоў

[1]5-га верасня парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве сустрэла спісы цудадзейных абразоў Багародзіцы вядомых каталіцкіх санктуарыяў Беларусі, які прыбылі з Удзела (Глыбоцкі дэканат), дзе двумя тыднямі знаходзідіся раней.

Гэтая гістарычная падзея сабрала ў сценах велічнага неабарочнага касцёла шматлікіх вернікаў Докшыцкага дэканату (Віцебская дыяцэзія), напоўніўшы іх сэрцы асаблівай радасцю, малітвай і глыбокім духоўным перажываннем. Прыбыццё Марыі стала духоўнай падрыхтоўкай да святкавання тытула касцёла, што адзначала парафія 12 верасня.

Перэгрынацыя спісаў славутых абразоў — гэта ўнікальны прыклад адзінства Касцёла на беларускіх землях. Сярод прыбыўшых святыняў — шанаваныя спісы Маці Божай Будслаўскай, Бялыніцкай, Вастрабрамскай, Жыровіцкай, Тракельскай, Лагішынскай і іншых ікон, перад якімі стагоддзямі маліліся нашы продкі. Цяпер Нябесная Маці ў Сваіх шматлікіх выявах сама прыйшла ў госці да параф’янаўскіх вернікаў, каб выслухаць іх просьбы і адарыць ласкамі. [2]

Пятнічным вечарам патрэба ў сустрэчы з Марыяй сабрала шмат людзей яшчэ каля брамы касцёла. Каля касцёльнай брамы шанаваныя абразы сустракаў пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Шымковіч разам з мясцовымі вернікамі і гасцямі. Урачыстай працэсіяй абразы былі ўнесены ў прыгожа дэкараваны кветкамі храм і выстаўленыя каля алтара.

“Для парафіі, якая носіць імя самой Панны Марыі, гэты візіт з’яўляецца асаблівым благаслаўленнем і заклікам да аднаўлення асабістай веры”– зазначыў дышпастыр парафіі.

Падчас святой Імшы, якую узначаліў ініцыятар перэгрынацыі ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк, распавёў кароткую гісторыю пра ідэю пілігрымкі межамі Беларусі, што адбылася з 12 па 18 чэрвеня 2021 года, пасля чаго адбылася перэгрынацыя абразоў па розных парафіях краіны і некаторых замежжа. Таксама святар падкрэсліў, што кожны абраз — гэта не проста твор мастацтва, а акно ў неба. Марыя прыходзіць у кожную парафіяльную сям’ю, як калісьці спяшалася да сваёй сваячкі Альжбеты, каб прынесці дапамогу, суцяшэнне і надзею.   [3]

Праграма перэгрынацыі ў Параф’янаве была вельмі насычанай: ад урачыстай святой Імшы да супольнага Ружанца і Літаніі. Аднак самым кранальным момантам стала асабістая адарацыя, падчас якой людзі падыходзілі бліжэй да абразоў, кленчылі, краналіся рамаў і са слязамі на вочах прасілі аб аздараўленні, супакоі ў сем’ях і міры. Гэтыя хвіліны пакінулі глыбокі след у сэрцах парафіянаў, якія ахвотна дзяліліся сваімі пачуццямі.

Спадарыня Марыя, адна з парафіянак дзеліцца: “Калі абразы ўносілі ў храм, у мяне літаральна перахапіла дыханне. Здавалася, што сама Маці Божая пераступіла парог нашага касцёла. Наш храм і так носіць Яе імя, а тут такое адчуванне, нібы Мама прыйшла праведаць сваіх дзяцей. Я малілася за сваіх унукаў і плакала ад радасці. Гэта незабыўны дзень для ўсяго Параф’янава”.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, да супольнай малітвы змаглі далучыцца тысячы вернікаў па ўсім свеце: на YouTube-канале “Голас Душы” [4] адбывалася прамая трансляцыя набажэнства.

Імша падзякі за перэгрынацыю адбудзецца 18 верасня а 18-й гадзіне. У суботу 19 верасня у 09.30 раніцы спісы абразоў прывітаюць вернікі Докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

Віктар Ведзень