Пад апекай Маці Божай Гудагайскай. Сведчанне Тарэсы Прыбыльскай

Марыя. Колькі велічы і хараства ў гэтым простым слове! Маці Божая ва ўсе часы карысталася асаблівай пашанай сярод вернікаў, бо праз Яе заступніцтва можна атрымаць шчодрыя ласкі, пазбавіцца ад залежнасцяў, загаіць самыя глыбокія і балючыя раны. Багародзіца пяшчотнай далонню імкнецца прыгарнуць кожнага, захінае сваім плашчом у хвіліны жыццёвых бураў, выцірае слёзы і дорыць надзею. Шчырая і лагодная, Нябесная Мама з асаблівым спачуваннем ставіцца да сваіх дзяцей.

Ёсць такія месцы, дзе Яе прысутнасць адчуваецца асабліва моцна. Фаціма, Люрд, Вострая Брама ў Вільні – у гэтыя святыя месцы прыбываюць пілігрымы з усяго свету, несучы да трону Матулі свае слабасці, хваробы і немачы. У Беларусі таксама ёсць незвычайныя мястэчкі, дзе прысутнасць Багародзіцы ўспрымаецца асаблівым чынам. Адно з іх – Гудагай.

Я прыехала ў невялічкую вёску Труханы, што непадалёк ад Гудагая. Праз лес да Марыйнага мястэчка дзесьці з кіламетр. Толькі ў некаторых хацінах тут віруе жыццё. Астатнія даўно пустуюць: большая частка жыхароў адышла ў вечнасць, іншых забралі дзеці ў горад. Адзіная вуліца ў вёсцы вельмі ціхая і спакойная. Тут не чуваць галасоў дзяцей, а на агародах нельга заўважыць сельскагаспадарчай тэхнікі.

Дом Тарэсы Прыбыльскай выбіваецца з агульнай карціны. З коміна бачны шэраваты дымок, ля ганка хваляцца някідкай прыгажосцю першацветы, а вакол хаты носіцца чацвераногі сябар гаспадыні. У стракатым фартушку жанчына выходзіць на ганак, запрашае мяне зайсці. Ад печы цягне цяплом. Сёння гаспадыня пячэ хлеб. На столі красуецца адмысловая жырандоля, а на сценах – абразы святых і Багародзіцы. Мне робіцца вельмі цёпла і ўтульна. Здаецца, я патрапіла ў сваё дзяцінства.

Шчырая і ўсмешлівая гаспадыня з першых хвілін выклікае сімпатыю. Гледзячы на яе спрацаваныя рукі, можна адразу зрабіць выснову, што жыццё кабеты ніколі не было лёгкім і простым. Аднак з верай у Бога яна пераадольвала самыя складаныя моманты.

Тарэса Іванаўна добра памятае сваю Першую Камунію. Яна вельмі адрознівалася ад сучаснай. Не было доўгай і карпатлівай падрыхтоўкі. Дзеці, што рыхтаваліся да сакраманту, не мелі спецыяльных дапаможнікаў, але шчыра верылі ў жывую прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі. Не было ў дзяўчынкі ў той дзень і традыцыйнай белай сукенкі. Мама сшыла дачцэ святочную сукенку са светлай тканіны ў дробныя кветачкі. Разам з мамай праз лес маленькая Тарэса ішла ў мястэчка Гудагай, каб з групкай іншых дзяцей упершыню прыняць Хрыста ў сваё сэрца.

На гадзінніку была чацвёртая раніцы. Стаяў густы туман, праз які нічога не было відаць. Праз некаторы час сталі вымалёўвацца абрысы гудагайскага касцёла. Дзіцячае сэрца скаланалася ад хвалявання, а мама, каб супакоіць дачку, зацягнула любімую песню “Па гарах, далінах”, прысвечаную Маці Божай.

А пятай гадзіне пачалася ўрачыстая Святая Імша. Ксёндз Адам Вайцяхоўскі ўдзяліў першую Камунію Тарэсе і яшчэ шасцярым дзецям. Гэтая падзея запомнілася жанчыне на ўсё жыццё, бо менавіта яна дала пачатак усвядомленым стасункам з Хрыстом. Бог ёсць любоў. Гэтую ісціну Тарэса засвоіла з самага маленства.

Тут, у Труханах, Тарэса Іванаўна адчувала сябе ў бяспецы. Маці Божая нібыта закрывала сваім плашчом яе ад жыццёвых нягод. Менавіта тады яна  вырашыла будаваць сваю будучыню ў роднай вёсцы. Асабістае шчасце знайшла таксама на сваёй вуліцы – закахалася ў свайго суседа Тадэвуша. Юнак быў з каталіцкай сям’і, практыкаваў веру. Ці ж не гэта самае галоўнае? Праз некаторы час пара закаханых узяла шлюб у астравецкім касцёле святых Космы і Дам’яна. Вянчаліся маладыя ў маі – іх прывабіла хараство марыйнага месяца. Квітнелі сады, красавалі палі, а ў прыродзе адчуваўся водар жыцця. Ужо праз год нарадзілася старэйшая дачушка Оля, крыху пазней – Лена, а яшчэ праз колькі гадоў – Міша і Марына. Змалку дзеці наведвалі касцёл, не прапускалі заняткаў рэлігіі, спявалі ў хоры. Міша заўсёды выконваў ролю святога Юзафа ў калядных пастаноўках. Тарэса Іванаўна глядзела на сваіх дзяцей, на мужа, на ўласны дом з асаблівай радасцю і шчырасцю. У хаце было ўсё неабходнае, дзеці раслі годнымі людзьмі, выхоўваліся ў духу веры і ўзаемапавагі. Жанчына адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

Надышоў 2000 год. Ад новага тысячагоддзя сям’я чакала толькі станоўчых момантаў. Аднак яно прынесла крыж і боль у размераны сямейны быт. На календары – 29 снежня. Ужо мінулі Каляды, а сям’я рыхтавалася сустрэць Новы год. Старэйшая дачка, Оля, ужо працавала, Лена праходзіла практыку, а Міша і Марына хадзілі ў шосты клас. Тарэса Іванаўна была на працы. Раптоўна прыйшла страшная навіна: гарыць хата. Агонь знішчыў не толькі ўсё, што сям’я нажыла за дваццаць два гады, але яшчэ забраў жыццё Тадэвуша, мужа і бацькі. Разгубленая і збянтэжаная жанчына стаяла на папялішчы. Трэба было рыхтавацца да пахавання і шукаць часовы прытулак для сябе і дзяцей.

Першыя дні Тарэса Іванаўна не памятала сябе ад гора. Падавалася, што гэта страшны сон, які павінен мінуць. Такія гісторыі дастаткова часта ламаюць чалавека: асоба ўпадае ў залежнасці, дэпрэсію, апатыю. Аднак у жанчыны была вера, якая не дала зламацца, прымусіла жыць, рухацца, гадаваць малодшых дзяцей і дапамагаць старэйшым. Да канца вясны сям’я жыла на лецішчы брата. Шматдзетная мама думала, што рабіць далей. З дапамогай родных атрымалася сабраць невялікую суму. За гэтыя грошы Тарэса Іванаўна купіла дом. Невялічкі, але свой. Пасля развяла гаспадарку. Сто трыццаць авечак, тры каровы, некалькі быкоў, качкі, індыкі, трусы, свінні, куры – падаецца, што трымаць у парадку адной такую вялікую гаспадарку немагчыма. Але, як вядома, у Бога няма нічога немагчымага. Акрамя таго, жанчына працягвала хадзіць у касцёл, была ў складзе касцельнага камітэту.

Аднойчы пані Тарэса, як заўсёды, прыйшла на Імшу. У той час у касцёле ішоў рамонт. Катэхетка ў канцы набажэнства падышла з незвычайнай просьбай – папрасіла зварыць суп працаўнікам. Жанчыну здзівіла такая просьба, але яна не адмовіла. У вёсцы яе ведалі як выдатную кулінарку. Суп атрымаўся цудоўным, будаўнікі вельмі хвалілі страву. Пані Тарэса прыйшла прыгатаваць абед і на наступны дзень. Так яна засталася на кухні па сённяшні дзень. Гаспадыня гудагайскага касцёла адзначае, што айцы-кармеліты за гэты час сталі роднымі для яе. Пакліканне многіх узрастала на яе вачах. І цяпер айцы з ордэна, прыязджаючы ў Гудагай, заходзяць на кухню да сваёй другой мамы. Менавіта так пяшчотна і лагодна многія называюць пані Тарэсу. Яна лепш за маці ведае густ кожнага. Хтосьці спажывае толькі вегетарыянскія стравы, камусьці не падабаюцца спецыі, а нехта прыязджае на яе духмяныя бліны. Гаспадыня добра памятае, як у Гудагай упершыню прыехаў Апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроці. З хваляваннем уся парафія чакала высокага госця. Нервавалася і Тарэса Іванаўна. Нунцый зайшоў у кухню, гаспадыня ў гэты час трымала ў руках міску. Ад хвалявання яна выпусціла посуд з рук. Міска забразгатала і пакацілася пад стол. Госць прыязна ўсміхнуўся і дапамог дастаць посуд з-пад стала. Добры, інтэлігентны, усмешлівы, зычлівы – так Тарэса Іванаўна характарызуе нунцыя, які за кароткі час палюбіўся парафіянам.

Усім сэрцам жанчына любіць Гудагай. І гэта не толькі таму, што яна нарадзілася і расла побач з гэтым мястэчкам. У Гудагаі асаблівым чынам адчуваецца прысутнасць Бога і Маці Божай. Кожны раз, праходзячы Крыжовы шлях па мясцовай Кальварыі, Тарэса Іванаўна прыгадвае сваё жыццё. Былі ў ім людзі, каторыя таксама, як Вераніка, дапамагалі пераносіць ёй жыццёвыя цяжкасці. Была і смерць, нястача, боль. Аднак Хрыстос перамог смерць, панёс боль і раны кожнага, забраў хваробы і немачы. Гісторыя ахвяры і цярпення стала гісторыяй чыстай любові Бога да чалавека. Жанчына зазначае, што Бог заўсёды быў побач. Праз сваю Маці ён дапамагаў спраўляцца з цяжкасцямі і перашкодамі, знаходзіць выйсце з безвыходных сітуацый.  Таму цяпер пані Тарэса разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі не прапускае ніводнай урачыстасці Маці Божай Гудагайскай, удзельнічае ў Крыжовым шляху. Сюды прыязджаюць вернікі з розных куткоў нашай краіны, а таксама з-за мяжы.

Аднойчы жанчына захварэла і не магла прыняць удзел у Крыжовым шляху. Яна ляжала на сваім ложку, а праз адчыненае акно даляталі гукі песняў і малітваў. На вачах парафіянкі з’явіліся слёзы. Яна сабрала ўсе сілы, села ў аўто, пад’ехала бліжэй да таго месца, пачала маліцца і спяваць разам з удзельнікамі набажэнства. На душы стала лёгка, здаецца, што на нейкі момант адступілі хвароба і фізічныя цярпенні.

Тарэса Прыбыльская часта прыходзіць на магілу свайго мужа, каб памаліцца і расказаць Тадэвушу пра надзённае. На нейкі момант жанчыну агортвае сум, што муж не дачакаўся гэтага прыгожага часу, калі выраслі дзеці, нарадзіліся ўнукі. Аднак пасля ўспамінае, што смерць не з’яўляецца канцом. Гэта пачатак новага, вечнага жыцця.

Выходзячы з могілак, жанчына едзе ў касцёл, дзякуе Багародзіцы за дабрабыт, за дзяцей і ўнукаў – за простае чалавечае шчасце. А шчасце… Яно складаецца з дробязяў: з магчымасці наведваць любімы храм, з першых поспехаў унукаў, з ранішняга сонейка, з хлеба, спечанага сваімі рукамі. Шчасце заўсёды побач. Трэба яго толькі заўважыць.

Марта Венславовіч
Фота аўтара і з архіва Тарэсы Прыбыльскай

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі