[1]“Як выглядае штодзённае жыццё святара?” – такім пытаннем задаюцца многія нашы чытачы. Каб крыху прыадкрыць гэтую таямніцу, “Каталіцкі Веснік” накіраваўся ў вёску Барадзінічы, што ў Віцебскай дыяцэзіі. Там працуе кс. Юрый Ноцунь – святар ордэна сэрцанаў.
Як толькі пад’язджаем да плябаніі, нас радасным клёкатам вітае бусел. Ён стаіць на цяпліцы і з цікаўнасцю разглядае гасцей. Праўду кажучы, гэты малады буслік і быў адной з прычын, праз якую мы вырашылі завітаць менавіта ў Барадзенічы, каб бліжэй пабачыць штодзённы побыт вясковага святара.
На ганак плябаніі выходзіць жанчына старэйшага ўзросту і са здзіўленнем глядзіць на гасцей. “Мы да пробашча”, – кажам. Убачыўшы ў руках фотаапарат, яна хуценька знікае за дзвярыма. Праз хвіліну з’яўляецца сам кс. Юрый.
– Як Вам удалося прыручыць такога незвычайнага гадаванца? – ківаю галавой на бусляня.
– Я яго не прыручаў. Дзеці ўбачылі, як яго бацькі выкінулі з гнязда. – Пробашч паказвае на электрычны слуп, што стаіць ля касцёла:
– Бачыце? Вунь яго бацькі ўжо прыляцелі і рыхтуюцца выгадаваць новае патомства. А Фама быў зусім маленькі, такое белае пухнатае птушанятка. Мог і забіцца зусім. Але выжыў.
– Не спрабаваў паляцець ад Вас?
– Ды не. Я ж яго і лятаць вучыў. Падкіну ўгору і страхую, каб не пабіўся. Цяпер, калі падрос, пакружыць, бывае, над хатай і вяртаецца. Так ён у хляве і начуе, а мінулай зімой я яго дык наогул дахаты забраў, каб не замерз. Яму толькі два гады. Не выключаю, што ў будучыні зляціць ад нас, калі знойдзе сабе спадарожніцу жыцця. Я вельмі прывык да бусліка. Ходзіць за мной паўсюль. У касцёл праводзіць, сустракае на дарозе клёкатам. Але і без яго тут сумаваць не даводзіцца.
Ксёндз Юрый паказвае рукой на загарадзь, за якой ходзяць куры, гусі і качкі.
“У вас багата жыўнасці”, – кажу. – Гэта проста хобі такое, ці неабходнасць?”
Кс. Юрый усміхаецца: “Я з дзяцінства люблю жывёл. Сам родам з Польшчы, з-пад Вроцлава. Да семінарыі вучыўся ў ветэрынарнай вучэльні. А тут, у Барадзінічах, няпроста пражыць. Таму, бывае, некаторыя з тых стварэнняў Божых трапляюць да мяне на стол. Сёння, дарэчы, вас таксама пачастую вясковым абедам. Пачакайце хвілінку, зараз пакажу касцёл”.
[4]Пакуль кс. Юрый ідзе па ключы, для сябе адзначаю вельмі высокі ўзровень беларускай мовы святара. Ён гаворыць амаль без акцэнту. У гэты час да нас падыходзяць дзве жанчыны. Даведаўшыся, што перад імі журналісты, наперабой радасна распавядаюць пра пробашча. “Вы ведаеце, кс. Юрый – душа-чалавек. Ён такі, як і мы. Вельмі просты, сам саджае, робіць, жывёлу даглядае. Трэба – і расадай падзеліцца. Ён жа і садавод, вунь колькі дрэўцаў сам прывіў. У кс. Юрыя 14 мая дзень святарства. Мы яго вельмі любім і віншуем. Любяць яго і дзеці. Ён жа і музыкант, на губным гармоніку, на гітары грае”.
Вяртаецца пробашч і мы ідзём у касцёл, які мае тытул св. Юзафа. Па дарозе пытаюся пра вернікаў. “Вёска вымірае, гэта ж бачна, але яшчэ трымаемся. На рараты, бывала, і па 25 дзетак прыходзіла. Я сам дзівіўся. Тройчы на тыдзень рана прыйсці ў касцёл – гэта не кожны захоча”.
У сцяне касцёла заўважаю памятную дошку з прозвішчам “Лапацінскі”. Кс. Юрый тлумачыць: “Лапацінскія тут фундатары. Я чуў такую легенду, што пан Лапацінскі ўсю маёмасць прайграў у карты і засталася ў яго толькі адна вёска – Барадзінічы, на якую і паставіў. Дык выйграў і адыграўся і таму зафундаваў тут касцёл. А ці праўда тое – не ведаю. На фэст св. Роха прыязджае шмат людзей. А так не надта людна”.
– Як утрымаць касцёл, плябанію, калі людзей не становіцца больш?
– Вернікі, канешне, ахвярныя, але што яны могуць, калі са студзеня заробку не атрымлівалі? Калі яны бедныя, то і я бедны. Святары жывуць з ахвяраванняў.
Выходзячы з касцёла, назіраем звыклую карціну беларускай вёскі: на вуліцы стаіць аўталаўка.
“Пачакайце, я мушу купіць хлеба дахаты”, – кажа кс. Юрый і ідзе да машыны. Прапусціўшы ўперад усіх вяскоўцаў, пробашч становіцца апошнім у чарзе. “Можа Вы што будзеце купляць”, – пытаецца ў мяне мужчына старэйшых гадоў. “Не, я на цэны пагляджу, – адказваю.
З-за аўтапрылаўка чую голас прадаўца, які спяшаецца запэўніць, што цэны, як і ў магазіне. Не маючы прычыны, каб не давяраць гэтым словам, разглядаю тавары. Ёсць каўбасы, рыба, макарона, малочныя прадукты. Цалкам прыстойны асартымент. “Як жыццё Вашае?” – пытаюся ў бабулькі побач. “Жыць можна, дзетка, добра, што пенсію хоць плацяць” – адказвае яна.
[8]
[9]Зрабіўшы пакупкі, вяртаемся з кс. Юрыем на плябанію. З хаты навыперадкі да гаспадара лятуць дзве вясёлыя таксы. “Гэта мае любіміцы Лінда і Гера, – распавядае пробашч. – А яшчэ ёсць кот, шыншыла, 10 гусей, 2 украінскія качкі, 5 індакачак, 10 індзюкоў, 16 трусоў, пчолы і, безумоўна, бусел”. Аддаўшы хлеб гаспадыні, святар на нашую просьбу ўваходзіць за загарадзь і паказвае нам украінскіх качак. Усё гэта адбываецца пад гучны гогат гусей і іншых птушыных суродзічаў.
“Зараз вам яшчэ нешта пакажу”, – кажа ксёндз. Знікае на пару хвілін і прыносіць зялёныя яйкі. Задаволены нашым здзіўленнем, тлумачыць: “Не бойцеся, вазьміце сабе, яны свежыя. Гэта проста такая парода курэй. Яны нясуць менавіта яйкі з зялёным шалупіннем. Адну такую курыцу я суседу аддаў на развод. Бачыце, вельмі зручна. На Пасху і фарбаваць не трэба”, – жартуе пробашч.
У ксяндза ёсць кот, 2 сабакі, шыншыла, 10 гусей, 2 украінскія качкі, 5 індакачак, 10 індзюкоў, 16 трусоў, пчолы і бусел.
Абяцаны абед вельмі смачны, за што асабліва дзякуем гаспадыні – пані Франі, якая з’яўляецца надзейнай дапамогай кс. Юрыю ў плябаніі і ў жывым гаспадарскім маёнтку. Пры развітанні задаю пытанне святару: “А можа б, хацелі пераехаць куды ў іншую парафію, дзе больш людзей, можа, у горад?” Кс. Юрый, нават не задумваючыся, адказвае: “Не. Мне тут добра. Бывае, канешне, цяжкавата. Асабліва зімой. Але людзі тут вельмі добрыя, а Пан Бог блаславіць”.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота


















































