[1]Дзень 7 верасня 2025 стаў асаблівым для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Папа Леў XIV узначаліў Імшу, падчас якой П’ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс былі ўрачыста абвешчаныя святымі. Літургію з удзелам некалькіх сотняў тысяч вернікаў, што запоўнілі Плошчу Святога Пятра, канцэлебравалі кардынал Рабэрта Рэполе – арцыбіскуп Турына, і арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна – біскуп Асізі, якія прыбылі з родных гарадоў новых святых. На цэлебрацыі прысутнічала афіцыйная дэлегацыя італьянскіх уладаў, якую ўзначаліў прэзідэнт Сэрджа Матарэла.
Пантыфік пра новых святых
Падчас гаміліі Папа Леў XIV засяродзіўся над словамі Езуса Хрыста: “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” і “Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем”.
“Езус заклікае нас кінуцца без ваганняў у прыгоду, якую прапануе нам, з розумам і мужнасцю, што прыходзяць ад Яго Духа і якія мы можам прыняць настолькі, наколькі вызваляем сябе ад рэчаў і ідэй, да каторых прывязаныя, каб прыслухоўвацца да Яго слова”, – сказаў Папа. Пантыфік заўважыў, што часта мы ўяўляем святых вялікімі постацямі, але забываем, што “для іх усё пачалося тады, калі яны, яшчэ маладыя, адказалі “так” Богу і аддалі сябе Яму цалкам, нічога не пакінуўшы для сябе”. “П’ер Джорджа і Карла ўмацоўвалі любоў да Бога і братоў праз простыя сродкі, даступныя для ўсіх: штодзённую святую Імшу, малітву, асабліва эўхарыстычную адарацыю. Карла казаў: “Перад сонцам чалавек загарае. Перад Эўхарыстыяй – становіцца святым!”, і яшчэ: “Сум – гэта позірк, накіраваны на сябе; шчасце – гэта позірк, накіраваны на Бога. Навяртанне – гэта не што іншае, як перавесці позірк знізу ўверх, дастаткова простага руху вачэй”, – нагадаў Леў XIV.
Некалькі фактаў з біяграфіі святых
П’ер Джорджа Фрасаці (1901–1925) – малады турынец, студэнт, актывіст Трэцяга ордэна святога Дамініка, вядомы сваёй працай з беднымі і любоўю да малітвы. Памёр ва ўзросце 24 гадоў ад поліяміэліту. Нягледзячы на тое, што Джорджа выхоўвалі бацькі-агностыкі, схільнасць Фрасаці дапамагаць бліжнім выявілася яшчэ ў дзяцінстве.
У 17 гадоў ён далучыўся да Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля і прысвяціў большую частку свайго вольнага часу догляду бедных, бяздомных, хворых і дэмабілізаваных вайскоўцаў, якія вярталіся з Першай сусветнай вайны. У юнацтве хлопец стаў вядомым у родным горадзе і па-за яго межамі, калі аддаў літаральна ўсё, што меў, бедным. Ён нават выкарыстоўваў свой аўтобус на дабрачыннасць, а затым бег дадому, каб паспець паесці.
У 24 гады Фрасаці моцна захварэў на поліяміэліт. Некаторыя з яго сяброў лічылі, што ён заразіўся гэтай хваробай ад людзей у трушчобах Турына. У апошнія дні хлопец прашаптаў імёны людзей, якія ўсё яшчэ мелі патрэбу ў дапамозе сваёй сям’і і сябрам, што сабраліся каля яго ложка. “І сёння жыццё П’ера Джорджа з’яўляецца святлом для свецкай духоўнасці. Для яго вера не была прыватнай пабожнасцю: натхнёны сілай Евангелля і прыналежнасцю да касцельных асацыяцый, ён велікадушна ўдзельнічаў у жыцці грамадства, унёс свой уклад у палітыку, цалкам аддаваў сябе служэнню бедным”, – падкрэсліў Папа Леў XIV падчас кананізацыі.
Карла Акуціс (1991–2006) – міленіял, захоплены камп’ютарамі і Эўхарыстыяй, памёр ад лейкеміі ва ўзросце 15 гадоў і беатыфікаваны ў Асізі ў 2020 годзе. Хлопец нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане, дзе працаваў яго бацька. Праз некалькі месяцаў сям’я пераехала ў Мілан.
З ранніх гадоў Акуціс цікавіўся праграмаваннем, самастойна вывучыў некаторыя з асноўных моў праграмавання, у тым ліку C і C++. Ствараў вэб-сайты духоўнай накіраванасці. Напрыклад, у ліку яго праектаў – база дадзеных пра эўхарыстычныя цуды па ўсім свеце. За гэта ён і атрымаў у Сеціве мянушку “Інфлюэнсар Бога”.
Карла было 15 гадоў, ён ужо задумваўся пра святарства. Але раптам хлопцу паставілі дыягназ невылечнай лейкеміі. 12 кастрычніка 2006 года ён памёр. Па просьбе самога Акуціса яго пахавалі ў італьянскім Асізі праз любоў падлетка да святога Францішка, для якога гэты горад быў месцам рэлігійнай дзейнасці.
Святы Айцец адзначыў, што Карла Акуціс сустрэў Езуса ў сям’і, затым у школе і асабліва ў сакрамантах. “Ён рос, натуральна спалучаючы ў сваім дзіцячым і юнацкім жыцці малітву, спорт, вучобу і міласэрнасць”, – дадаў Пантыфік.
“Яны падбадзёрваюць нас сваімі словамі: “Не я, але Бог”, – казаў Карла. А П’ер Джорджа: “Калі Бог будзе цэнтрам кожнага твайго дзеяння, тады ты дойдзеш да канца”. Гэта простая, але пераможная формула іх святасці. І гэта таксама сведчанне, якому мы пакліканыя следаваць, каб пражыць жыццё да канца і ісці насустрач Пану на свяце Неба”, – сказаў Святы Айцец.
Моладзевы клуб IT-энтузіястаў пад апекай святога Карла Акуціса
Дарэчы, у Мінску дзейнічае CarloClub. Гэта моладзевы клуб IT-энтузіястаў, дзейнасць якога накіраваная на карысць Касцёла і дабро вернікаў на прасторы інфармацыйных тэхналогій.
Сваю дзейнасць CarloClub распачаў 12 кастрычніка 2023 года як адказ на заклік Папы Францішка да больш актыўнага ўдзелу католікаў у медыяпрасторы. Дата была выбраная невыпадкова – гэта дзень успаміну святога Карла Акуціса.
На сустрэчы клуба былі запрошаныя хлопцы і дзяўчаты 14+ з дапытлівым розумам і шчырай верай. Першымі ўдзельнікамі клуба сталі восем падлеткаў, якія па прыкладзе святога Карла мелі жаданне вывучаць інфармацыйныя тэхналогіі і дапамагаць іншым.
У CarloClub падлеткі сустракаюцца некалькі разоў на месяц і ствараюць свае першыя лічбавыя распрацоўкі. Тут выкладаюць асновы Android-праграмавання праграмісты-практыкі Віталь Дзерваноўскі і Максім Угорыч. У маі 2023 года каманда CarloClub стала пераможцам хрысціянскага хакатона з праектам гульні “Хто хоча ў Неба?”. Дарэчы, гэту гульню ўжо можна спампаваць на GooglePlay.
У новым навучальным 2025/26 годзе ўдзельнікамі CarloClubа плануе стаць дзесяць падлеткаў. Яны будуць працягваць распрацоўку праекта новай Android-гульнi “Аўтастрада да Неба”. Гэтая гульня можа стаць дапаможнiкам для больш якаснай падрыхтоўкi дзяцей да Першай Камунii. Заданнi будуць icцi сінхронна з тэмамi падручнiкаў с. Нунэ Цiтаян MSF. Каманда CarloClub запрашае да «будаўнiцтва Аўтастрады” святароў i катэхетаў, IT i PR-спецыялiстаў, бацькоў i дзяцей. Некалькі разоў на год у клубе арганізоўваюцца Nutella-сустрэчы (дарэчы, гэта любімы слодыч св. Карла), падчас якіх праходзяць адкрытыя абмеркаванні праекта.
7 верасня сустрэча ў CarloClub стала па-сапраўднаму святочнай. Удзельнікі клуба сустрэліся разам у студыі “Радыё Марыя Беларусь”, каб супольна паглядзець трансляцыю святой Імшы з Ватыкана. У студыі падлеткаў чакаў асаблівы падарунак ад дырэктара “Радыё Марыя” ксяндза Аляксандра Фаміных – рэліквіі св. Карла Акуціса 3 ступені: абразкі з кавалачкам тканіны, якая была прыкладзеная да цела святога.
Для перакладу на беларускую мову трансляцыі святой Імшы ў студыю “Радыё Марыя” завітаў брат Вадзім Войцік. Дзякуючы служэнню брата Вадзіма радыёслухачы з усёй Беларусі змаглі яшчэ бліжэй пазнаёміцца з асобамі святога Карла Акуціса і святога П’ера Фрасаці.
Пасля трансляцыі ўдзельнікаў сустрэчы чакаў італьянскі пачастунак – піцца і цірамісу. Такі выбар быў невыпадковы, а падкрэсліваў італьянскае паходжанне двух новых святых.
Завяршэннем святкавання стала супольная ружанцовая малітва разам з радыёслухачамі, падчас якой усе маліліся праз заступніцтва святых Карла і П’ера.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка