- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Новыя рэкруты прысягнуць на вернасць Пантыфіку

[1]У Ватыкане пройдзе ўрачыстае прынясенне прысягі новымі рэкрутамі Папскай швейцарскай гвардыі. Ганаровымі гасцямі цырымоніі сёлета стануць прадстаўнікі італамоўнага кантона Тычына.

Прысяга адбудзецца 6 мая. Па традыцыі ў гэты дзень швейцарскія гвардзейцы ўспамінаюць 147 сваіх суайчыннікаў, якія загінулі ў 1527 годзе, абараняючы папу Клімента VII ад войск імператара Карла V.

Сёлета прысягу на вернасць Святому Айцу прынясуць 23 рэкруты. З нагоды гэтай падзеі 5 мая ў Ватыкане адбудзецца святочны канцэрт, малітва Нешпараў, ускладанне вянку ў памяць аб загінулых гвардзейцах і ўручэнне ўзнагародаў. Раніцай наступнага дня ў ватыканскай базыліцы пройдзе св. Імша для гвардзейцаў і членаў іх сем’яў, якую ўзначаліць кардынал Анджэла Камастры, архіпрэзбітэр базылікі св. Пятра, а вечарам – сама цырымонія прынясення прысягі.

Швейцарская гвардыя служыць Пантыфікам з 1506 года. Зараз яна налічвае каля 110 афіцэраў і салдат. У яе шэрагі ўступаюць маладыя католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў. У Ватыкане яны служаць па меншай меры 25 месяцаў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]