[1]Лаўра Вірджынія Фернандэс Дэльгада, новы прэзідэнт Коста-Рыкі, пачала свой тэрмін на пасадзе такім чынам, што не засталося ніякіх сумневаў адносна яе прыярытэтаў. Першае, што яна зрабіла пасля прыняцця прысягі, усклала прэзідэнцкі пояс да ног Маці Божай Анёльскай — апякункі краіны. Гэты сімвалічны акт стаў выкананнем раней дадзенага «зароку» і надаў усёй інаўгурацыі выразна рэлігійны характар.
На наступны дзень пасля інаўгурацыі, 9 мая, Лаура Фернандэс і яе бліжэйшыя калегі прысутнічалі на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Хаўер Раман. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што рашэнне пачаць прэзідэнцкае служэнне з Эўхарыстыі — напамін пра тое, што «ёсць рашэнні і цяжары, якія нельга несці самастойна». Ён таксама падкрэсліў неабходнасць штодзённага звяртання да Бога і, молячыся аб «сіле для тых, хто займае дзяржаўныя пасады», нагадаў, што «за кожнай пасадай усё яшчэ стаіць чалавек: сэрца, якое мае патрэбу ў спакоі і міры, каб не скамянець перад столькімі націскам».
Хто такая Лаура Фернандэс?
39-гадовая палітолаг, якая раней займала пасаду міністра нацыянальнага планавання ва ўрадзе прэзідэнта Радрыга Чавеса, перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 1 лютага 2026 года ў першым туры, атрымаўшы амаль 48,5% галасоў.
Лаура Фернандэс — каталічка. У дзень выбараў яна прысутнічала на св. Імшы ў базіліцы Маці Божай Анёльскай, а пасля абвяшчэння вынікаў напісала ў сацыяльных сетках: «Я малілася за ўсіх жыхароў Коста-Рыкі, за гэтую любімую краіну і за тое, што будзе».
Біскупы Коста-Рыкі таксама павіншавалі яе, запэўніўшы ў сваіх малітвах і духоўнай падтрымцы. Адзін з пяці слупоў яе ўрадавай праграмы — «жыццё, сям’я і каштоўнасці, якія вызначаюць нас як нацыю». Фернандэс абвясціла, што ўся дзяржаўная палітыка будзе «распрацавана і спланавана для абароны жыцця і сем’яў».
Паводле pl.aleteia.org [3]
Пераклад Марыны Ткач
Фота: Eco Católico
