25 лістапада 2025 года Дыкастэрыя веравучэння прадставіць дакумент «Una Caro». Ён прысвечаны манагаміі і каштоўнасці сужэнства як выключнага саюза і ўзаемнай прыналежнасці.
У бліжэйшы аўторак Зала Друку Святога Пасада стане месцам важнай падзеі для разумення сучаснай тэалогіі сям’і. Акрэдытаваныя журналісты запрошаны на прэзентацыю новай дактрынальнай ноты, падрыхтаванай Дыкастэрыяй веравучэння.
Дакумент мае назву «Una Caro. Хвала манагаміі» і засяроджваецца на фундаментальнай каштоўнасці сужэнства як выключнага саюза, заснаванага на поўнай узаемнай прыналежнасці.
Спіс спікераў сведчыць пра высокі статус дакумента і яго значэнне для Касцёла. Асноўныя аспекты тэксту прадставіць кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння. Таксама выступіць мансеньёр Арманда Матэа, сакратар Дактрынальнага аддзела гэтай ватыканскай структуры. Тэалагічную перспектыву і навуковы погляд на праблематыку паглыбіць прафесар Джузэпіна Дэ Сімонэ з Папскага тэалагічнага факультэта Паўднёвай Італіі.
Для тых, хто не зможа прысутнічаць асабіста, арганізатары прадугледзелі прамую трансляцыю. Стрым будзе даступны на афіцыйным канале “Vatican News” у “YouTube”.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]
