[1]28 чэрвеня ў роднай Астравецкай парафіі Адшукання Святога Крыжа ксёндз Юрый Садоўскі цэлебраваў прыміцыйную Імшу.
У гэты дзень парафія ў Астраўцы перажывала вялікую радасць, бо ўжо другі святар выйшаў з гэтай адносна маладой парафіяльнай супольнасці. На урачыстай прыміцыі прысутнічалі блізкія святара, духоўныя асобы, парафіяне. У касцёл новапрэзбітара па традыцыі вялі ў прыгожым вянку, побач ішлі дзеці ў белых сукенках.
Ксёндз Андрэй Горбач, пробашч парафіі, вітаючы прыміцыянта, звярнуўся да яго са словамі: «Шануй святарства. Бо гэта вялікі дар, бо шмат пакліканых, вельмі шмат, але мала выбраных… Новапрэзбітэра ўрачыста прывіталі дзеці, моладзь і дарослыя парафіі.
Пасля распачалася першая самастойная Імша ксяндза Юрыя. У казанні кс. Ян Кучынскі, пробашч гродзенскай катэдры, адзначыў: «Адбыўся цуд. Паміж намі з’явіўся прарок. І ён зараз будзе рабіць цуды. Ён стаіць каля алтара, бярэ хлеб і гаворыць: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё… Бярыце і піце, гэта Кроў Мая». Ён гаворыць не свае словы, але Езуса. Ужо Хрыстос гаворыць праз Яго. І ксёндз Юрый аддаў усяго сябе Госпаду. Аддаў сваё жыццё цела і душу Езусу. І праз рукі гэтага ксяндза Бог будзе ўдзяляць нам блаславенства…»
Прысутныя святары, манахіні, бацькі ксяндза і ўсе вернікі атрымалі прыміцыйнае бласлаўленне. Калі святар ускладаў намашчаныя рукі на галовы прысутных, то яны, у знак удзячнасці, цалавалі яму далоні.
Усім, хто атрымаў благаслаўленне, малады святар падарыў памятныя абразкі, на якіх змешчаны словы са Святога Пісання, з Кнігі прарока Ераміі: «Ты, Пане, ведаеш мяне, глядзіш на мяне, выпрабоўваеш сэрца маё, яно — з Табою».
Пасля Святой Імшы прыміцыянта сабраліся павіншаваць шматлікія вернікі, складаючы шчырыя пажаданні ў гэты святочны дзень.
Ірына Грэйць, тэкст
Віталій Спірыдон, фота





