- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Нота “Шлях надзеі”: Касцёл заклікае супрацьстаяць нянавісці і падзелам

[1]У шасцідзясятую гадавіну саборнай Дэкларацыі “Nostra aetate” тры ватыканскія ўстановы – Дыкастэрыя веравучэння, Дыкастэрыя спрыяння хрысціянскаму адзінству і Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу – апублікавалі ноту “Шлях надзеі”, якая заклікае супрацьстаяць фундаменталізму і экстрэмізму, адмовіцца ад варожасці і абараняць рэлігійную свабоду.

Дэкларацыя “Nostra aetate”, прынятая Другім Ватыканскім Саборам у 1965 годзе, стала важным этапам у адносінах католікаў з яўрэямі і прадстаўнікамі іншых рэлігій, маяком надзеі пасля Другой сусветнай вайны. Праз шэсць дзесяцігоддзяў яго пасланне застаецца актуальным у свеце, спустошаным вайной, і ва ўмовах дэградацыі навакольнага асяроддзя. Пра асноўныя палажэнні ноты “Шлях надзеі. Шэсцьдзесят гадоў міжрэлігійнага дыялогу і братэрства ў святле саборнай Дэкларацыі “Nostra aetate” распавядае журналіст італьянскай рэдакцыі “Vatican News” Сальваторэ Чэрнуцыа.

“Не” – дыскрымінацыі і пераследу

Касцёл асуджае як супярэчныя волі Хрыста любую дыскрымінацыю і пераслед людзей з прычыны расы, колеру скуры, сацыяльнага становішча або рэлігіі, — нагадваюць аўтары ноты. Дакумент падпісалі прэфекты трох Дыкастэрый – кардыналы Віктар Мануэль Фернандэс, Курт Кох і Джордж Коавакад, а таксама сакратары гэтых устаноў – мансеньёры Арманда Матэа, Флавіа Пачэ і Індуніл Джанакаратнэ Кодзітуваку Канканамалаге.

Шлях ад Другога Ватыканскага Сабора да нашых дзён

Шлях міжрэлігійнага дыялогу звязаны з правам на рэлігійную свабоду, пра якое гаворыцца ў Дэкларацыі “Dignitatis humanae”. Як сцвярджаецца ў ноце: “Ніякія паважлівыя адносіны з іншымі рэлігіямі не могуць быць шчырымі і ажыццяўляцца без адначасовай павагі да рэлігійнай свабоды іншых”.

Аўтары заклікаюць да свабоды для хрысціян у краінах, дзе яны з’яўляюцца меншасцю, і звяртаюць увагу на пераслед, якому хрысціяне па-ранейшаму падвяргаюцца ў розных частках свету з боку рэлігійных экстрэмісцкіх груповак. “Кожны пераслед па рэлігійных прычынах заўсёды з’яўляецца парушэннем чалавечай годнасці”, – сцвярджаецца ў дакуменце.

Адносіны паміж хрысціянамі і яўрэямі

У ноце пацвярджаецца, што “Божы запавет з яўрэйскім народам з’яўляецца незваротным, і гэта пастаянна датычыць Касцёла”. Салідарнасць з яўрэйскім народам уключае таксама сумесную барацьбу з антысемітызмам. У сувязі з гэтым, канфлікты на Блізкім Усходзе паўплывалі і на яўрэйска-хрысціянскі дыялог. “Многія масты камунікацыі пахіснуліся і працягваюць выпрабоўвацца розным успрыманнем падзей, якія адбыліся”, — пішуць аўтары ноты, заклікаючы захоўваць і развіваць узаемнае пазнанне і павагу, якія склаліся на працягу шасці дзесяцігоддзяў супрацоўніцтва.

Відавочны плён дыялогу з ісламам і іншымі рэлігіямі

За гэты час усталяваліся працяглыя сяброўскія адносіны паміж рэлігійнымі лідарамі, былі распачатыя сумесныя адукацыйныя і сацыяльныя праекты, былі апублікаваныя сумесныя дэкларацыі ў адказ на гуманітарныя трагедыі, войны і экалагічныя крызісы.

“Не” – ісламафобіі

Аўтары ноты крытыкуюць праявы ісламафобіі, якія не адрозніваюць выпадкі фундаменталізму і гвалту ад мірнага жыцця іншых мусульман, якія інтэгруюцца ў грамадства і працуюць у краінах, якія іх прымаюць.

Фундаменталізм, прадузятасць і палітычныя маніпуляцыі

Сярод галоўных перашкод для міжрэлігійнага дыялогу дакумент называе рост фундаменталізму, захаванне прадузятасці, палітычныя маніпуляцыі рэлігійнай прыналежнасцю і насілле, якое здзяйсняецца “ў імя Бога”.

Заклік да братэрства

Касцёл заклікае пераадолець стаўленне выключэння, пагарды і абыякавасці, якое доўгі час пераважала. “Мы не можам звяртацца да Бога як да Айца ўсіх людзей, калі адмаўляемся паводзіць сябе як браты ў адносінах да некаторых людзей, створаных паводле вобразу Божага”, — падкрэсліваецца ў ноце.

Адмовіцца ад логікі абароны, варожасці або заваявання

Перад абліччам тых, хто “распальвае падзелы і рыхтуе канфлікты”, вернікі розных традыцый пакліканы “з ясным розумам і надзеяй шукаць умовы для мірнага суіснавання”. Для гэтага прапануецца “адмовіцца ад логікі абароны, варожасці або заваявання” і стаць “рамеснікамі міру і братэрства”.

Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]