- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Нобелеўскія лаўрэаты падпісалі дэкларацыю аб ядзернай зброі і ШІ

[1]Нобелеўскія лаўрэаты, міжнародныя эксперты, навукоўцы, рэлігійныя і палітычныя лідары падпісалі Рымскую дэкларацыю аб бяззбройным і абяззбройваючым міры ў эпоху штучнага інтэлекту і ядзернай зброі.

Глабальная асамблея нобелеўскіх лаўрэатаў, якая 14-15 ліпеня 2026 года праходзіла ў мястэчку “Laudato Si’” у папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, завяршылася прыняццем “Рымскай дэкларацыі аб бяззбройным і абязбройваючым міры ў эпоху штучнага інтэлекту, ядзернай і аўтаномнай зброі, новых лічбавых пратаколаў і новых мадэляў лічбавага развіцця”. Цырымонія падпісання дэкларацыі прайшла 16 ліпеня ў мэрыі Вечнага горада на Капіталійскім пагорку, дзе гасцей прывітаў мэр Рыма Раберта Гуальцьеры.

Пасля гэтага слова ўзяў Даніэль Хольц, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта і заснавальнік Лабараторыі экзістэнцыяльных рызык (X Lab). Ён нагадаў прысутным аб тым, што “дрэнная навіна” заключаецца ў тым, што мы жывем у час беспрэцэдэнтнай небяспекі, але “добрая навіна ў тым, што мы можам зрабіць шмат для таго, каб засцерагчы сябе ад ядзернай зброі і ШІ”.

Генеральны вікарый Рыма, кардынал Бальдасарэ Рэйна, адзначыў, што Рымская дэкларацыя з усёй яснасцю нагадвае нам аб тым, што ніводная машына, ніводзін алгарытм і ніводная аўтаномная сістэма не могуць прымаць рашэнні, ад якіх залежыць выжыванне чалавецтва. Рашэнні, якія датычацца жыцця і смерці, міру і вайны, будучыні народаў і наступных пакаленняў, павінны заставацца пад поўным, адказным і асэнсаваным кантролем чалавека, — сцвердзіў ён.

Канцлер Папскай акадэміі жыцця, ксёндз Андрэа Чучы, паразважаў над чалавечай творчасцю. Ён заўважыў, што, з аднаго боку, людзі здольныя ствараць неверагодныя шэдэўры, а з другога – чалавечы розум можа прывесці да велізарных спусташэнняў. Ён адзначыў, што ШІ і ядзерная энергетыка не з’яўляюцца выключэннем, дадаўшы, што ШІ можа падштурхнуць людзей як да стварэння, так і да руйнавання.

Кардынал Сільвана Тамазі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, прафесар Калумбійскага ўніверсітэта Марыя Рэса звярнуліся да прысутных з моцнымі словамі пра гонку ўзбраенняў і патрэбу ў маральным компасе ў часы беспрэцэдэнтных рызык.

Прафесар Дэвід Грос, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы і прафесар тэарэтычнай фізікі ў Каліфарнійскім універсітэце, заявіў, што яго ацэнка небяспекі ядзернай зброі сёння значна вышэйшая, чым 30 гадоў таму. Ён адзначыў, што дамовы аб кантролі над узбраеннямі не дзейнічаюць і што сёння дзевяць краін з’яўляюцца ядзернымі дзяржавамі. Мы знаходзімся ў самым разгары паскоранай гонкі ўзбраенняў. Людзі ва ўсім свеце больш не могуць заставацца ў няведанні адносна таго, як гэтыя пагрозы могуць паўплываць не толькі на іх уласнае жыццё, але і на жыццё іх дзяцей і ўнукаў, — сказаў ён.

Спасылаючыся на Рымскую дэкларацыю, прафесар Грос падкрэсліў, што яе прапановы простыя і мы чулі іх раней. Аўтары просяць ядзерныя дзяржавы праводзілі палітыку, якая зніжае рызыку вайны.

Ён заклікаў прысутных чэрпаць натхненне ў словах Папы, Касцёла і кожнага, хто мае пачуццё маралі. “Памятайце пра сваю чалавечнасць і забудзьцеся пра астатняе”, — паўтарыў нобелеўскі лаўрэат, папярэдзіўшы, што на карту пастаўлены наша выжыванне і выжыванне будучых пакаленняў.

Пасол міру Шэран Стоўн адзначыла, што па меры пашырэння магчымасцей машын павінны ўзрастаць і маральныя намаганні тых, хто іх стварае. “Чалавечая годнасць – гэта не алгарытм”, — падкрэсліла яна.

Vatican News [2]