[1]16 кастрычніка парафія святога Язафата Кунцэвіча ў вёсцы Канстанцінава перажыла гістарычную і духоўна ўзнёслую падзею – туды ўрачыста прыбылі спісы найбольш шанаваных цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія здзяйсняюць пілігрымку па Глыбоцкаму дэканату Віцебскай дыяцэзіі.
Сустрэча святых выяў Багародзіцы адбылася з удзелам шматлікіх вернікаў, якія з глыбокай пашанай і малітвай сустрэлі абразы каля сваёй святыні. Прыгожымі восеньскімі кветкамі была выслана дарога ад брамы святыні да алтара Пана, праз якую парафіяне працэсіяй унеслі абразы ў касцёл.
На пачатку набажэнства са словамі шчырага прывітання да прысутных звярнуўся пробашч канстанцінаўскай парафіі кс. Валеры Орсік. Ён выказаў глыбокую радасць, што Марыя таксама адгукнулася на просьбу парафіяльнай супольнасці наведаць сваіх дзяцей.
“Сёння наша парафія перажывае асаблівы дзень, напоўнены Божай прысутнасцю і мацярынскай любоўю Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыбыццё гэтых цудадзейных абразоў – не проста прыгожая падзея, гэта вялікі дар і час ласкі для кожнага з нас. Маці Божая прыходзіць у наш дом, у наш касцёл, каб выслухаць кожнае сэрца, суцешыць у смутку і ўмацаваць у веры. Я шчыра вітаю сапраўднага “апостала перэгрынацыі” ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка і дзякую за яго руплівасць, а таксама заклікаю ўсіх парафіянаў і гасцей на працягу гэтых дзён няспынна трываць у малітве перад гэтымі святымі выявамі, адкрываючы свае душы для Божых ласкаў”, – дадаў душпастрыр парафіі.
Падчас святой Імшы з глыбокай і натхняльнай гаміліяй да вернікаў звярнуўся кс. Уладзіслаў, які падкрэсліў гістарычнае і прароцкае значэнне малітоўнага падарожжа Марыйных абразоў па беларускай зямлі. Святар нагадаў, што кожны з гэтых абразоў мае сваю непаўторную гісторыю і стагоддзямі з’яўляецца крыніцай цудаў. Праз супольную перэгрынацыю розныя Марыйныя санктуарыі Беларусі сімвалічна злучаюцца ў адно цэлае, паказваючы, наколькі глыбока Марыйная пашана ўкаранёна ў каранях нашага народа.
Ксёндз прэлат звярнуў асаблівую ўвагу на крызіс сучаснага свету і сям’і. Ён падкрэсліў, што “Марыя прыходзіць як Маці, якая хоча абараніць сваіх дзяцей, і адзінае выйсце з духоўнага крызісу – гэта вяртанне да шчырай сямейнай малітвы, асабліва да Ружанца, і аднаўленне хрысціянскіх каштоўнасцей”.
“Марыя ніколі не пакідае тых, хто звяртаецца да Яе. Яна – наша галоўная Заступніца і Апякунка, якая сваім мацярынскім атуленам здольная суцішыць любыя буры”, – адзначыў святар, заклікаючы вернікаў даверыць Багародзіцы ўсе свае трывогі і спадзевы.
На працягу наступных двух тыдняў спісы цудадзейных абразоў будуць знаходзіцца ў касцёле ў Канстанцінаве. З гэтай нагоды ксёндз Валеры Орсік запрашае вернікаў і гасцей з суседніх парафій Глыбоцкага дэканата скарыстацца гэтым благаслаўлёным часам для асабістай сустрэчы з нябеснай Маці.
30 кастрычніка абразы накіруюцца ў Падсвільскую прафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, якая стане 131-м месцам адведзінаў Божай Маці. А Канстанцінаўская прафіяльная сям’я ўжо “уключана” ў штодзённую малітву Марыйнага пілігрымавання па святынях Бацькаўшчыны.
Відэазапіс святой Імшы ў Канстанцінава:
Фота: Віктар Ведзень

































