[1]Сёлета ў Віцебску асвяцілі пяты каталіцкі касцёл і прысвяцілі яго святому Ігнацію Лаёлу. Яго радыкальная архітэктура дыхае ў рытме мікрараёна. Аднак не знешні выгляд касцёла выклікаў шквал абмеркаванняў у сацыяльных сетках, а фрэска. Каля алтара зафіксаваныя і рок-гурт, і легендарны Дыега Марадона, якому абмывае ногі Папа Рымскі, і журналісты. Прычым тут вера — здзіўляюцца інтэрнэт-карыстальнікі.
У новым мікрараёне Білева сярод урбаністычнага атачэння ў пачатку 2020 года, сярод школ і садоў з’явіўся модны па сваёй архітэктуры будынак. Хтосьці скажа, што гэта офісны ці адміністрацыйны цэнтр або ўвогуле магазін. Але аб яго асноўнай функцыі сведчыць крыж. Тут яднаюцца з Богам у малітве. Гэта касцёл, дзе пасля пяці гадоў вандравання па офісных пакоях знайшла свой пастаянны прытулак парафія святога Уладзіслава.
Сам жа будынак носіць імя Ігнація Лаёлы — заснавальніка ордэна езуітаў. Яго браты тут і нясуць службу. Але спачатку ўвага вернікаў факусіравалася, на дванаццаці маштабных фрэсках, якія вянчаюць алтар.
Святлана Васьковіч, парафіянка:
Мы бачылі, як гэтыя фрэскі маляваліся, гэта ўсё адбывалася на нашых вачах, і нам было вельмі цікава паглядзець, што будзе далей.
Ганна Іванова, парафіянка:
Пытанняў было шмат, таму ксёндз запрасіў мастака, каб ён растлумачыў, паказаў.
На вялізнай сцяне на першы погляд «несакральная» «Лесвіца ў неба». Роспіс наўрад ці мае дачыненне да віленскага барока — класікі для каталіцкіх касцёлаў Беларусі.
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі:
Тут спроба таго, каб гэтае свецкае мастацтва паставіць на служэнне духоўных каштоўнасцей. Падсцягнуць, выклікаць пэўнае абурэнне. Даць зразумець, што Хрыстос застаецца жывым.
Радыкальныя фрэскі не для скандалу ў рэлігійным асяроддзі. Праз блізкія і зразумелыя вобразы (для моладзі ў тым ліку) мастак расказаў евангельскія запаведзі. Фрэска падзелена на тры ўзроўні — зямная, нябесная рэчаіснасці і чысціц, месца ачышчэння. Унутры рэбусы. Правільна інтэрпрэтуе той, хто добра ведае Біблію.
Віктар Жук, настаяцель касцёла Святога Ігнація Лаёлы, пробашч парафіі Святога Уладзіслава ў Віцебску:
Рок-канцэрт. Людзі, якія неяк бавяцца, выказваюць сваю радасць. І гэта такое вымярэнне веры. Мы пакліканы да радасці, да таго, каб усхваляць Бога. Кожны можа ўбачыць нейкія выклікі і складанасці ў сваім жыцці, свае цяжары, якія мы цягнем.
— У чым сэнс? І чаму менавіта Папа Францішак мые ногі знакамітаму футбалісту?
— Так, на гэта шмат хто звяртае ўвагу. Але тут мастак паказаў, з аднаго боку, што Папа Францішак — аргенцінец. І з другога боку, што ён фанат футбола. Як можна быць аргенцінцам і не любіць футбол? З іншага боку, гэта евангельскі жэст, якім таксама адрозніваецца Папа.
Такі жэст — абмыванне ног Ісусам — падзея з Евангелля. Ісус падчас Тайнай вячэры абмываў ногі сваім вучням. Таму ўсё ж вока чытае біблейскія сюжэты.
«Гэта татальны адыход ад канонаў. Езус без барады, без доўгіх валасоў. Для гэтага ёсць евангельская аснова, падстава, таму што Езуса апасля Уваскрэсення не пазнаюць ягоныя апосталы. Езус застаецца такой таямнічай постаццю.» — дадае кс. Віктар.
Святлана Васьковіч, парафіянка:
Так, ён выглядае як звычайны чалавек. Але, можа, у мастака была такая задумка? Сказаць тое, што Пан Езус сярод нас, што ён блізкі.
У кожнай раме маркеры сучаснасці. Смартфоны, анёл-рокер, ЗD-акуляры. І гэта не правакацыя, а актуалізацыя. І віцебскі касцёл Святога Ігнація Лаёлы далёка не першы дае людзям візуальную Біблію на сучаснай мове. Фрэску з Далай Ламай і Баракам Абамам можна пабачыць у касцёле (таксама віцебскім) Святога Антонія Падуанскага. Лонданскі сабор Святога Паўла трансліруе Дзеву Марыю на фоне Лос-Анджэлеса — гэта такі відэатрыпціх ад артыста Біла Віёлы.
Таму роспіс у Віцебску не нешта новае. Ён для тых, хто сёння жыве і шукае адказы. Так трактуе мастак. І з гэтым згадзіліся парафіяне. Не ўсе. Хтосьці больш не вяртаецца менавіта ў гэты касцёл. Але большасць засталася.
Ганна Іванова, парафіянка:
Калі ты паглыбляешся ў малітву, то фрэскі — гэта другаснае. Ты вядзеш дыялог з Богам. Таму фрэскі… Калі ў цябе ёсць нейкія думкі, ты можаш паразглядаць, можаш памысліць аб чымсьці. Кожны сваё бачыць у гэтых фрэсках.
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі:
Найбольшая небяспека для веры сёння — абыякавасць і пэўная інертнасць. Таму патрэбна тое, што выклікае абурэнне — можа, у гэтым мэта будынку. Можа, яна і была закладзена.
Зачыняць дзверы да малітвы, нягледзячы на некаторую крытыку з боку кансерватараў, не плануюць. Хутка касцёл будзе працаваць і ў фармаце асветніцкім. А праз некалькі стагоддзяў сюды ўвогуле не зарасце сцежка. Са сцяны будуць чытаць сусветныя падзеі дваццаць першага стагоддзя.
Паводле tvr.by [2]