- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Незвычайнае служэнне сясцёр, спантаннасць і знакаміты санктуарый. Пра падарожжа сястры Марыяны Гроць у Бразілію

[1]Наша сённяшняя суразмоўца – сястра Марыяна Гроць з ордэна сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якая атрымала незвычайны падарунак на сярэбраны юбілей манаскага жыцця.

– Раскажыце крыху пра сябе і ордэн, у якім Вы служыце.

– Мяне завуць сястра Марыяна Гроць. Належу да ордэна сясцёр францішканак Сям’і Марыі. У манастыры я 28 гадоў. Ужо 16 гадоў служу ў парафіі святога Арханёла Міхала ў мястэчку Варапаева. Зараз займаюся катэхізацыяй дзяцей і падлеткаў.

Наш ордэн заснаваў святы Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі ў 1857г. у Санкт-Пецярбургу. Сёстрам ён даверыў выхаванне дзяцей-сірот, якіх было шмат у тыя часы.

Сёння сёстры працуюць у розных краінах па ўсім свеце: у Польшчы, Бразіліі, Італіі, Украіне, Беларусі, Расіі і ПАР, апякуюцца старэйшымі людзьмі, служаць пры парафіях як закрыстыянкі, арганісткі, катэхэткі. Цікава, што, напрыклад, у Польшчы сёстры апякуюцца дзіцячымі садкамі, а ў Бразіліі маюць некалькі школ.

Як з’явілася ідэя здзейсніць падарожжа ў Бразілію?

– Гісторыя распачалася з таго, што ў мінулым годзе некалькі сясцёр з Бразіліі, якія святкавалі 50-годдзе законных шлюбаў, прыляцелі ў Польшчу. Гэтае падарожжа стала такім падарункам ім на юбілей.

[2]

І ў сястры з маёй групы з’явілася ідэя паляцець у Бразілію на 25-гадовы юбілей нашых законных шлюбаў. З гэтай прапановай мы звярнуліся да Маці Генеральнай, напісалі афіцыйную просьбу. Рада генеральная ордэна дала дазвол і пачалася падрыхтоўка да выезду.

– Вы, напэўна, вельмі ўзрадаваліся такой магчымасці?

– Шчыра кажучы, напачатку я нават не хацела нікуды ехаць. Але сёстры пераканалі, што такая магчымасць выпадае раз у жыцці.

– Якім было само падарожжа ў Бразілію?

– Доўгім: больш за 24 гадзіны ў адзін бок. Спачатку – аўтобусам да Варшавы, потым – самалётам да Мадрыда. Дарэчы, там мы мелі шмат гадзін паміж перасадкамі, таму скарысталіся магчымасцю і зладзілі экскурсію па сталіцы Іспаніі.

А з Мадрыда быў пералёт у Сан-Паула,  амаль 10 гадзін праз акіян, адтуль – у Курцібу, да мэты нашага падарожжа.

– Якой была сустрэча з сёстрамі?

– Вельмі цёплай, гасціннай, сямейнай! Канешне, быў так званы “моўны бар’ер”, але гэта не стала перашкодай. Старэйшыя сёстры маюць польскія карані, даволі добра размаўляюць па-польску, ну і, безумоўна, карысталіся сучаснымі тэхналогіямі.

У Курцібе служаць толькі бразільянкі?

– Апроч бразільянак мы сустрэлі сясцёр польскага паходжання і нават сястру з японскімі каранямі.

– Чым займаюцца сёстры?

– У ордэне ёсць некалькі школ, дамоў састарэлых, святліцы.

– Як выглядала Вашае прабыванне ў Бразіліі?

– Мы гасцілі ў правінцыяльным доме ў Курцібе з 6 па 14 лістапада. Кожны дзень для нас арганізоўваліся нейкія цікавыя выезды. Напрыклад, адразу па прыездзе мы мелі аўтобусную экскурсію па горадзе. Яна трывала амаль увесь дзень.

[3]

Таксама наведалі парк Барыгуі, дзе ўжывую ўбачылі цікавых і модных сёння жывёл – капібар. Мы маліліся ў вядомым ва ўсёй Бразіліі нацыяльным санктуарыі ў Апарэсіда. Там перажылі цікавы досвед удзелу ў нядзельнай святой Імшы. Мы маглі быць вельмі блізка да алтара, у прэзбітэрыі. Прэзбітэрый знаходзіцца ў цэнтры храма. Ад цэнтра размешчаныя лаўкі з мноствам людзей. Здавалася, іх было больш за дзесяць тысяч. Пасля Імшы людзі накіраваліся ў стары касцёл, дзе раней знаходзілася фігурка Маці Божай. Па легендзе, яе знайшлі рыбакі ў рацэ Параібы ў 1717 годзе. Шлях да храму пралягаў праз даўгі мост, па якім людзі ішлі, утвараючы прыгожую раку пілігрымаў.

Прыемным момантам было тое, што біскуп прывітаў нас, распавёў, хто мы і адкуль прыехалі.

– Ці давялося Вам пазнаёміцца са служэннем сясцёр?

– Безумоўна, было вельмі цікава паглядзець, чым займаюцца сёстры, як служаць. Напачатку мы наведалі гістарычнае для ордэна месца – порт, куды ў 1906 годзе прыплылі для служэння першыя тры сястры. Потым была школа, што належыць нашаму ордэну. Там навучаецца каля 3000 вучняў. Уразіў вельмі ўрачысты і цёплы прыём: вучні і настаўнікі сустракалі нас, прамаўлялі прывітальныя словы, нават зладзілі невялічкі канцэрт. Незвычайна для мяне было тое, што законная сястра займае пасаду дырэктара, а таксама кіруе адміністрацыяй. А сёстры працуюць віцэ-дырэктаркамі, адміністратарамі, сакратаркамі.

Шчыра кажучы, школа вельмі мяне ўразіла. Гэта сапраўды маштабнае служэнне. У розных месцах горада размешчаныя чатыры школьныя корпусы, апроч звычайнай сярэдняй адукацыі ў дзяцей ёсць магчымасць атрымаць прафесію медыцынскай сястры, настаўніцы пачатковых класаў, наведваць дзіцячы садок.

Таксама мы наведалі дом для пажылых асоб, якім апякуюцца сёстры, і рэкалекцыйны дом.

– Ці ўдзельнічалі Вы ў Імшах і набажэнствах?

– Так, кожны дзень мы былі на святой Імшы, вядома ж, на партугальскай мове. А вось у апошні дзень перад вылетам нас наведаў святар, які сам паходзіць з Польшчы, а ў Бразіліі служыць больш за трыццаць гадоў. Ён цэлебраваў Імшу на польскай мове.

– Ці падобныя бразільцы да беларусаў?

– Увогуле, бразільцы – вельмі радасныя і адкрытыя людзі. Мне спадабалася спантаннасць. Яны не надта засмучаюцца, калі штосьці ідзе не па плане. Некалькі разоў здаралася, што планы сясцёр змяняліся вельмі хутка, і ўсе ставіліся да гэтага вельмі спакойна, таксама змянялі планы і ішлі наперад з радасцю. А вось да беларусаў бразільцы падобныя сваёй гасціннасцю.

[4]

– А што найбольш спадабалася ў сясцёр, што б хацелася пераняць ад іх у служэнні?

– Безумоўна, гэта ахвярнасць і адданасць, з якой яны падыходзяць да справы, а таксама прастата і радасць.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка