- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Невядомыя зняважылі касцёл у Новалукомлі абразлівымі роспісамі (абноўлена)

[1]Ноччу 18 сакавіка быў здзейснены акт вандалізму ў касцёле Святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі.

Невядомыя каля першай гадзіны ночы забраліся ў касцёл і напісалі чорнай фарбай абразлівыя словы ў прэзбітэрыі касцёла. Шум у будынку пачуў пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі (касцёл злучаны з плябаніяй). Ён паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў святыні. Вандалы ўцяклі з месца злачынства. Кс. Мікалай адразу ж выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі следчых органаў працавалі да самай раніцы.

[2]

І сам пробашч парафіі і вернікі моцна ўзрушаныя абставінамі гэтага злачынства. У парафіі будуць праведзеныя набажэнствы перапрашэння за грэх абразы Божай святыні. На шчасце, вандалы не пашкодзілі і не ўзламалі табернакулюм, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант.

[3]

Курыя Віцебскай дыяцэзіі рашуча асуджае акт вандалізму, які адбыўся ў касцёле ў Новалукомлі. Заклікаем злачынцаў пакаяцца і навярнуцца на добры шлях. Вернікаў Віцебскай дыяцэзіі просім падтрымаць братоў і сясцёр у Новалукомльскай парафіі малітвай.

UPD. На вечар 18 сакавіка мясцовымі праваахоўнымі органамі былі затрыманы меркаваныя злачынцы — гэта два маладыя хлопцы. На дадзены момант яны знаходзяцца пад вартай.

Курыя Віцебскай дыяцэзіі