[1]Сёння святкуем успамін аднаго з найбольш папулярных хрысціянскіх святых. Каб глыбей разгледзіць асобу Святога Мікалая, прапануем прачытаць некалькі фактаў і легендаў пра Святога, якія, магчыма, вы не ведалі…
Пасціўся з маленства
Нарадзіўся каля 260 года ў горадзе Патара Лікійскай вобласці. Быў адзіным сынам пабожных Феафана і Ноны, якія далі зарок прысвяціць дзіця Богу. Маці пасля родаў вылечылася ад хваробаў. Немаўля падчас хрышчэння само прастаяла на нагах тры гадзіны. Існуе легенда, што Святы Мікалай пачаў пасціцца з самага маленства, прымаючы малако маці па серадах і пятніцах толькі адзін раз. Ён жыў на тэрыторыі сучаснай Турцыі.
Быў смуглай скуры
Святы Мікалай быў дужым мужчынам, ростам прыкладна 1 м 68 см, з высокім ілбом, заўважнымі скуламі і падбародкам, носам, “падобным да арлінага”, карымі вачыма і смуглай скурай (Паводле дадзеных Манчэстэрскага ўніверсітэта, навукоўцы якога ў 2009 годзе па мошчах рэканструявалі знешнасць).
Быў манахам у Святой Зямлі
У 305 годзе некалькі манахаў з Анатоліі прыбылі ў Святую Зямлю і ў мястэчку Бейт-Джалілі заснавалі невялікі манастыр. Некалькі манахаў жылі ў пячорах з відам на Віфлеем. Святы Мікалай прыбыў у Святую Зямлю як паломнік ў 312 годзе. Ён наведаў месцы, звязаныя з жыццём Збаўцы, і на працягу трох гадоў жыў у манастыры Бейт-Джалілі. У 317 годзе Мікалай вярнуўся на радзіму.
Таемна рабіў падарункі
Яшчэ адна легенда распавядае пра тое, што аднойчы Мікалай даведаўся: яго сусед страціў усё, што меў, і не мог забяспечыць пасагам сваіх дачок. Каб дапамагчы дзяўчатам пазбегнуць ганьбы, ноччу Святы Мікалай падкінуў іх бацьку ў чаравік золата. Іншая легенда распавядае, што Мікалай падкідваў грошы праз комін, а манеты цудоўным чынам траплялі ў шкарпэткі, якія сушыліся каля вогнішча.
Сябра і апякун маракоў
Здзяйсняючы паломніцтва ў Святую Зямлю, ён супакоіў ўсхваляванае мора. Праз яго малітву уваскрос карабельшчык-матрос, які зваліўся з мачты і разбіўся да смерці.
Яшчэ адна легенда распавядае нам, што ў горадзе, дзе Мікалай быў біскупам, панаваў голад. Аднак непадалёк, ля яго берагоў, стаяў карабель са збожжам. Матросы не хацелі дзяліцца ім з жыхарамі горада, але Святы Мікалай пераканаў іх і паабяцаў, што збожжа ў трумах менш не стане. Усё адбылося так, як абяцаў Мікалай.
Маракі ўшаноўваюць яго як свайго заступніка.
[2]
Аплявуха Арыю
Святы Мікалай быў дбайным абаронцам праўдзівай веры. Гісторыя распавядае, што святы наведаў Нікейскі Сабор у 325 годзе. Мікалай слухаў там Арыя, які не паважліва выказаўся пра Боскую прыроду Езуса. Усе біскупы трымалі сябе ў руках, а Мікалай… даў яму аплявуху. Святы паўстаў перад судом імператара. Канстанцін загадаў біскупам вызначыць пакаранне для Мікалая. Яны пазбавілі святога біскупскага адзення і пасадзілі ў турму. Той жа ноччу Мікалай ўбачыў Езуса і Найсвяцейшую Панну Марыю. Збаўца ўручыў яму кнігу Евангелля, а Яго Маці зноў апранула святога ў біскупскае адзенне. Імператар вызваліў святога, а Сабор прызнаў вучэнне Арыя ерассю.
Даследчыкі кажуць, што Святога Мікалая, верагодна, усё ж не было на тым Саборы. Упэўненым можам быць у адным: святы заставаўся верным вучэнню Касцёла і вучыў гэтаму іншых.
Рэліквіі Святога
У 1957 былі праведзены навуковыя даследаванні рэліквій Святога Мікалая. Удзел у іх прынялі папскі дэлегат кардынал Адэадата Ян П’яцца, кардынал Агаджан, шэсць мітрапалітаў і дзевятнаццаць біскупаў. Рэліквіі Святога Мікалая выдзяляюць пахучы алей – міра, якому прыпісваюць аздараўляльную моц. Склад яго не паддаецца вызначэнню з навуковага боку.
Падрыхтавала Вікторыя Колзун