- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Недастаючае звяно. Уздзейнічаючая функцыя: ці можа быць так па-беларуску?

[1]У папярэднім выпуску моўнай старонкі “Каталіцкага Весніка” мы гаварылі пра асаблівасці ўжывання ў нашай мове пэўных формаў дзеепрыметнікаў. Гэтая тэма прыцягнула ўвагу многіх чытачоў. Аўтар матэрыялу атрымаў шэраг водгукаў, а таксама пытанняў і прапаноў.

У прыватнасці, пастаянная чытачка газеты спадарыня Наталля К. з Мінска піша: “З вялікай увагай перачытала колькі разоў матэрыял. Вельмі дапамагло. Але ўсё роўна застаюцца пытанні. Напрыклад, як усё ж перадаць па-беларуску з рускай мовы разбушевавшаяся стихия, обанкротившийся банк, скривившееся дерево, недостающее звено, воздействующая функция? І такіх складаных словазлучэнняў ёсць шмат. Таму ёсць прапанова ці нават просьба: а ці можна прысвяціць яшчэ адзін артыкул гэтай праблеме? Дзякуй!”

Мы таксама дзякуем шаноўнай сп-ні Наталлі і за канкрэтныя пытанні, і за ўвагу да нашай моўнай старонкі! Вельмі прыемна ўсведамляць, што матэрыялы ў “Каталіцкім Весніку” дапамагаюць нашым чытачам павышаць культуру маўлення, лепш разбірацца ў адпаведных моўных нюансах. Таму паспрабуем яшчэ раз разгледзець некаторыя спецыфічныя моманты ўжывання дзеепрыметнікаў у беларускай мове.

Сапраўды, прыведзеныя ў сваім допісе нашай чытачкай канструкцыі заўсёды выклікаюць праблемы пры перадачы іх сэнсу на беларускую мову. Гэта калі мы гаворым пра пераклад. Але ж не будзем забывацца і пра тое, што мы заўжды маем патрэбу пабудаваць фразу па-беларуску адразу. Не перакласці, а менавіта пабудаваць. Гэта значыць, захаваць і беларускі спосаб мыслення, і патрабаванні культуры маўлення. Разбушевавшаяся стихия правільна па-беларуску будзе разбушаваная стыхія. Зрэшты, са словам стыхія ніякіх цяжкасцяў няма ўвогуле. А форму разбушаваны мы знаходзім і ў Янкі Купалы (разбушаванае мора). Обанкротившийся банкзбанкрутаваны банк. Падаецца, што гэты дзеепрыметнік ужываецца ў нашай мове дастаткова актыўна, мы фіксуем яго ў розных крыніцах. А што датычыць спалучэння скривившееся дерево, то тут магчымыя варыянты скрыўленае дрэва ці пакрыўленае, як, скажам, у Янкі Брыля: пакрыўленая яблыня.

Досыць цікавая ў лінгвістычным плане сітуацыя з рускім словазлучэннем недостающее звено. Нярэдка можна сустрэць літаральны пераклад недастаючае звяно, дзе выразна кідаецца ў вочы (і ў вушы) форма дзеепрыметніка з суфіксам –юч, які неўласцівы нашай мове. Акурат пра падобныя формы мы гаварылі ў мінулым выпуску моўнай старонкі. Але самае галоўнае – гэта тое, што ў беларускай мове няма ўтваральнай асновы для такога слова, няма дзеяслова недаставаць са значэннем “не хапаць, не ставаць”. Таму найлепш па-беларуску сэнс згаданай канструкцыі перадаць прыметнікам адсутны. Бо слова адсутны якраз абазначае тое, чаго няма ў наяўнасці, што адсутнічае. І цалкам добра выглядаюць наступныя сказы: Навукоўцы знайшлі раней адсутнае звяно ў эвалюцыі чалавека; Па некаторыя адсутныя дэталі давялося ехаць у Мінск; Адсутную суму грошай атрымалася назбіраць за пару дзён. Як бачым, ніякіх праблем ці непаразуменняў у гэтых сказах няма, а прыметнік адсутны выдатна перадае неабходны сэнс.

Таксама цяжка не пагадзіцца з тым, што рускае спалучэнне воздействующая функция звычайна праблемнае пры перадачы яго сэнсу на беларускую мову. Не будзем усур’ёз разглядаць варыянту ўздзейнічаючая функцыя, бо, падкрэслім гэта яшчэ раз, у беларускай мове не ўжываюцца дзеепрыметнікі з суфіксам –юч. Да таго ж не факт, што кожны можа лёгка вымавіць гэтую грувасткую форму) Дык якое ж выйсце? А яно досыць простае: варта выкарыстаць не дзеепрыметнік, а назоўнік. Атрымаецца функцыя ўздзеяння. Да прыкладу: Пэўныя элементы адыгрываюць функцыі інфармавання і ўздзеяння; На першы план у журналісцкіх матэрыялах паступова выходзіць функцыя ўздзеяння. Лёгка і проста па-беларуску. А яшчэ, карыстаючыся нагодай, адкажам на канкрэтныя пытанні іншых нашых чытачоў. Так, рускі дзеепрыметнік угрожающий па-беларуску перадаецца як пагрозлівы, устрашающийзастрашлівы, отрезвляющийцвярозлівы, дрожащий дрыжлівы або дрыготкі.

Такім чынам, мы разгледзелі яшчэ некаторыя аспекты выкарыстання ў сучаснай беларускай мове формаў дзеепрыметнікаў (у дадатак да матэрыялу з папярэдняга нумара “Каталіцкага Весніка”). Будзем спадзявацца, што прапанаваны аналіз дапаможа нашым чытачам лепш арыентавацца ў пэўных граматычных складанасцях, дазволіць пазбегнуць памылак у вусным і пісьмовым маўленні.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук