[1]З 8 па 17 красавіка ў Навагрудку, пры касцёле Святога Міхала Арханёла ўпершыню прайшоў мастацкі пленэр вядомых мастакоў нашай краіны. Асноўнай тэмай прац удзельнікаў пленэру былі Навагрудскія краявіды.
Суарганізатарам культурніцкага мерапрыемства выступіў народны Мастак Беларусі, Кастусь Качан – ураджэнец Навагрудка. Удзельнікамі пленэру былі Алесь Суша, Аляксандр Грышкевіч, Рыгор Сітніца, Мікола Бушчык, Валянціна Шоба, Сяргей Рымашэўскі, Кацярына Сумарава, Дар’я Скмарава-Копач, Патворава Таццяна, Віктар Сагановіч і Кастусь Качан.
Па выніках дзесяцідзённага пленэру, мастакі стварылі 24 мастацкія творы, якія сталі асновай новаўтворанай мастацкай галерэі пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў парафіяльным доме. Урачыстае адкрыццё мастацкай галерэі беларускіх жывапісцаў адбылося на Вялікдзень, 17 красавіка і сабрала вялікую колькасць навагрудчан, якія цікавяцца жывапісам і неабыякавыя да багатай духоўнай і культурнай спадчыны Навагрудка. Пасхальную атмасферу гэтай культурнай падзеі ўпрыгожыў музычны калетыў моладзі з Гродна, які выступіў з хрысціянскімі песнямі праслаўлення перад прысутнымі.
Кс. Юрый Жэгарын