- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Настаўнік – гэта пакліканне”: чацвёртая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны адбылася ў Будславе

[1]7 студзеня, у першую суботу месяца і новага 2023 года, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася чацвёртая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Навэнна была распачата ў першую суботу кастрычніка 2022 года.

Студзеньская малітоўная сустрэча сабрала каля Маці Божай Будслаўскай настаўнікаў і катэхетаў з усёй Беларусі, перадусім з Віцебскай дыяцэзіі. Гэтае спатканне ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку ўсіх пілігрымаў, якія толькі ўваходзілі ў святыню, шчыра вітаў ксёндз канонік Дзмітрый Барыла з Ракава.

Сустрэча пачалася з Фацімскага Ружанца, які правялі настаўнікі і катэхеты з розных парафій Беларусі пад кіраўніцтвам сястры Марыі Шамовіч BDNP, дырэктара катэхетычнага аддзела Курыі Віцебскай дыяцэзіі, а святары ў гэты час неслі паслугу сакраманту споведзі ў канфесіяналах.

[2]

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Буслаўскай узначаліў біскуп Буткевіч. Звяртаючыся да вернікаў, іерарх падкрэсліў, што ўрач, святар і настаўнік – гэта прафесіі з Божага прызначэння, гэта пакліканне. Ведаем, што справа выхавання і адукацыі – праблематычная ў грамадстве. Часам настаўнік і катэхет павінен кампенсаваць праблемы выхавання ў сям’і. А калі задумацца адкуль гэтыя праблемы, то яны вынікаюць з беспарадку ў духоўнай сферы. “Пошук Бога – гэта пачатак, без якога нельга казаць пра добрыя вынікі ў выхаванні. Таму катэхеты і настаўнікі павінны быць тымі зоркамі на шляху маленькага чалавека, якія дапамогуць у пошуках праўды пра Бога”, — падкрэсліў біскуп Алег.

[3]

Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, разважанні да якой падрыхтавала Алена Татун, катэхетка з в. Канстанцінава, што на Глыбоччыне.

Пасля сцюдзёнага касцёла і марознага надвор’я, якое выдалася на гэты дзень, спатканне працягнулася ў памяшканні Дома культуры, дзе былі падрыхтаваныя гарачая гарбата і пачастунак. Там жа ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай і праслухалі тэматычную канферэнцыю «”Ты настаўнік Ізраэля і гэтага не ведаеш?” (Ян 3, 10). Нікадэмаў шлях ад аксіяматычнага настаўніцтва да евангелізацыйнага вучнёўства», падрыхтаваную ксяндзом Валерыем Марціноўскім, доктарам біблійнай тэалогіі, пробашчам Віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.

[4]

Падчас канферэнцыі святар звярнуў увагу на праблему, што калі дзеці ходзяць на катэхезу, то не ўсе з іх ходзяць на святую Імшу. Настаўнікі павінны самі глядзець на свой шлях, на сваю падрыхтоўку да заняткаў, рабіць працу над сваімі памылкамі, каб удасканальвацца і быць прыкладам для будучага пакалення. І даў параду прадстаўнікам адукацыі “карыстацца” чатырма дзеясловамі, якія даў Хрыстос для Нікадэма як навуку: ведаю, прамаўляю, бо ўбачыў і таму сведчу з адвагай.

Малітоўная сустрэча завяршылася супольнай малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці і бласлаўленнем.

[5]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота