Сённяшні выпуск моўнай старонкі прысвячаецца надзвычай важнай і неадназначнай праблеме: як мы мусім ставіцца да выкарыстання ў камунікацыі некадыфікаваных слоў, гэта значыць тых, якія не фіксуюцца ў слоўніках, знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы? Ідэю нам падказала пастаянная чытачка “Каталіцкага Весніка” спадарыня Вера С. з Докшыцкага раёна, якая і раней звярталася з пытаннямі ў нашую моўную рубрыку. Дык вось сп-ня Вера, у прыватнасці, піша: “Вельмі цікавы матэрыял прачытала ў газеце пра словы варушняк, пацеха, пацешны… І ў мяне з’явілася яшчэ пытанне: а ці можам мы сабе дазволіць у беларускай мове ўжываць словазлучэнні, напрыклад, нас кінулі на грошы, мяне ўсё дастала, я з гэтым не замарочваюся і г.д.? Мне здаецца, што культурны, інтэлігентны чалавек не павінен дазваляць сабе такой лексікі. Але, з іншага боку, я нярэдка знаходжу такія словы нават у нашых цэнтральных газетах… Дык як быць усё ж?”
Адразу хацелася б падзякаваць нашай шаноўнай чытачцы і непасрэдна за пытанне, і за добрае разуменне сучаснай моўнай сітуацыі. І прызнаем таксама наяўнасць праблемы з гэтым усім. Таму паспрабуем крыху разабрацца.
Заўважым, што гаворка ідзе пра выкарыстанне лексікі абмежаванага ўжытку выключна ў нефармальнай камунікацыі, найперш у вусным маўленні. Сучаснае грамадства існуе і развіваецца не ў апошнюю чаргу праз сацыяльныя кантакты ў самым шырокім сэнсе гэтага паняцця. Сродкі масавай інфармацыі ў такіх кантактах адыгрываюць вельмі важную ролю. І гэта нягледзячы на тое, што паступова зніжаецца колькасць друкаваных СМІ і, наадварот, няўхільна павялічваецца працэнт электронных рэсурсаў. Але мова тэкстаў і друкаваных, і электронных медыяў з’яўляецца і, несумненна, будзе і надалей з’яўляцца важным інструментам уздзеяння на рэцыпіента. Хаця б праз асаблівасці адмысловага афармлення паведамленняў, навінаў ды і любога іншага кантэнту.
Прывядзём тут некалькі дастаткова паказальных прыкладаў выкарыстання жаргоннай і прастамоўнай лексікі ў беларускіх друкаваных выданнях апошніх гадоў: Дзяўчына з Мінска ўвогуле “адгрэбла” ні за што (Чырвоная змена, 07.05.20); …Мясцовы алкаголік пачаў бузіць… І ўчастковы паабяцаў разабрацца, арганізаваць бузацёру “першую камісію” для накіравання ў ЛПП (Звязда, 31.03.20); На самай справе цана тавару рэальна меншая – на тую частку камісійных, якую прадаўцы “адшпільвалі” банкірам. Толькі гаспадары не замарочваюцца такімі праблемамі. Не замарочваецца імі і жанчына з г.п. Падсвілле (Веснік Глыбоччыны, 11.04.15); Пакупнікі “без замарочак”, з радасцю набывалі такія дарагія тавары… (Звязда, 05.02.20). Прастамоўі ў прыведзеных мікракантэкстах надзвычай выразна перадаюць сутнасць апісаных з’яў, хаця лексемы тут маюць розны семантычны характар.
І вось яшчэ надзвычай красамоўны фрагмент з газеты “Звязда” (22.04.20):
– Раптам – стук у дзверы. – Хто там? – здзіўляецца гаспадар. – Дзед Мароз. – ?! (Першая думка – а нядрэнна было б, каб зайшоў – з падарункамі, каб дзяцей парадаваў… Другая – з якога перапуду?) – Ты не хлусіш? – пытаецца бацька? – Век волі не відаць! Карацей, “спаліўся” Дзед – дзвярэй не адчынілі. І правільна зрабілі, бо нейкі мутны ён. Тут для максімальна дакладнай перадачы эмацыянальна афарбаванага кантэксту ўжытыя элементы так званага “крымінальнага жаргону”. Наўрад ці нешта падобнае мы маглі б сабе ўявіць яшчэ гадоў дзесяць назад…
Але варта таксама звярнуць увагу на дастаткова відавочны новы трэнд, сутнасць якога ў выкарыстанні прастамоўяў і жарганізмаў для перадачы станоўчай канатацыі. Гэта стала заўважальна ў беларускім публіцыстычным дыскурсе ў апошнія гадоў сем-восем. Колькі прыкладаў: “Сузор’е” клёвых педагогаў (Чырвоная змена, 23.07.20 – пра педатрад студэнтаў, які працуе ў летніку); …30 сакавіка даюць старт сумеснаму анлайн-праекту “Клёвыя канікулы” (Звязда, 27.03.20); Зрабіць крута – гэта ўнутраная матывацыя творчага чалавека (Звязда, 30.03.19); Яны максімальна крута і прафесійна падышлі да гэтага пытання… (Звязда, 12.03.19); У Мінску нядаўна хлопцы вырашылі хайпануць водгукаў запісам сваіх прыгод… Але, можа, прасцей абвясціць хібы знешнасці новым трэндам і хайпануць “лайкаў” заадно? (Чырвоная змена, 04.01.18).
Так, сапраўды, лексемы клёвы, крута, хайпануць валодаюць здольнасцю надзвычай яскрава апісаць, перадаць пэўны факт ці стан. Іх унутраная форма, наяўнасць семы эмацыйнасці, семантычная ёмістасць даюць магчымасць у сціслай форме пераказаць досыць моцныя пазітыўныя ўражанні. Падобныя прастамоўныя і жаргонныя элементы становяцца па сутнасці сэнсава-сімвалічным ядром фразы, узмацняюць сваю сінтаксічную пазіцыю ў межах выказвання. Гэта прываблівае чытача, асабліва моладзевую аўдыторыю, для якой усё новае, нестандартнае, набліжанае да часткі іх уласнага лексікону з’яўляецца па-сапраўднаму цікавым і крэатыўным.
Дык як усё ж мы мусім на гэта рэагаваць? Нам варта зразумець, усвядоміць, што ў мове, у маўленні пастаянна адбываецца пэўная трансфармацыя, калі з’яўляюцца новыя канструкцыі і формы, якіх мы не можам ухваляць, але якія падпарадкоўваюцца агульным трэндам у жыцці ўсяго грамадства. Выкарыстоўваць іх у сваім маўленні ці не – індывідуальная справа кожнага носьбіта мовы. Але наўрад ці магчыма цалкам пазбегнуць іх ужывання. Тым больш што нават такія некадыфікаваныя лексемы ў нефармальнай камунікацыі (менавіта нефармальнай – падкрэслім гэта яшчэ раз!) дазваляюць больш дакладна, больш выразна, з неабходнай эмацыянальнай афарбоўкай апісаць тую ці іншую з’яву, той ці іншы факт. І баяцца гэтага не варта. Тым больш што гэта ў канчатковым выніку спрыяе павышэнню цікавасці да мовы, прываблівае, заахвочвае людзей, асабліва моладзь, гаварыць па-беларуску.
Разам з тым мы павінны памятаць, што выкарыстанне ў сваім маўленні жарганізмаў ці прастамоўяў з’яўляецца не правілам, а, хутчэй, выключэннем, абумоўленым канкрэтнай сітуацыяй маўлення: калі трэба максімальна даходліва і выразна, з высокай эмацыйнай напоўненасцю перадаць сутнасць нейкай падзеі. І ні ў якім разе не злоўжываць гэтым!
Таму, адказваючы на пытанне нашай шаноўнай чытачкі, ці можам мы сабе дазволіць казаць нас кінулі на грошы, мяне ўсё дастала, я з гэтым не замарочваюся канстатуем, што так, можам сабе дазволіць. Але пры ўмове, што гэта будзе дарэчы, што гэта будзе вымагацца канкрэтнай маўленчай сітуацыяй, дзе патрабуецца максімальная выразнасць і экспрэсія.
Спадзяёмся, што дадзены матэрыял крыху праліў святло на ўзнятую важную праблему выкарыстання ў маўленні некадыфікаванай лексікі. І памятайма, што кожны культурны, інтэлігентны чалавек не павінен гэтым злоўжываць.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
