[1]30 жніўня 2026 года біскуп Эрык Вардэн узначаліў у Лонгйіры ўрачыстае набажэнства, прысвечанае 100-годдзю першай каталіцкай Імшы ў нарвежскай правінцыі Свальбард (архіпелаг Шпіцберген).
Як паведаміла Карлота Смедс з скандынаўскай рэдакцыі «Vatican News», урачыстасць адбылася ў Лонгйіры – найбуйнейшым населеным пункце Шпіцбергена. Разам з біскупам Вардэнам Эўхарыстыю канцэлебравалі ксёндз Анджэй Касцюкевіч, пробашч касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тромсё, і ксёндз Рафал Ахойскі, мясцовы дэлегат тэрытарыяльнай прэлатуры Тромсё. У набажэнстве ўдзельнічалі прадстаўнікі “Caritas” і каталіцкай супольнасці, прысутнічалі таксама прадстаўнікі Лютэранскай Царквы Нарвегіі.
У гаміліі біскуп Тронхейма разважаў пра чалавечую ўразлівасць і адзіноту, заклікаючы хрысціян захоўваць “здаровае адчуванне рэальнасці”, быць адказнымі адзін за аднаго і несці самотным, замкнёным і напалоханым людзям пасланне прымірэння, аздараўлення і магчымасці сяброўства. На думку біскупа Вардэна, такую місію можна выконваць як словамі, так і ўчынкамі.
Стагоддзе першай каталіцкай Імшы на Шпіцбергене
Першым каталіцкім біскупам, які адправіўся на Шпіцберген, каб прынесці Эўхарыстыю католікам Арктыкі, быў біскуп Ёханэс Олаф Сміт. Ён наведаў архіпелаг у 1926 годзе. Першая Імша ў Лонгйіры адбылася 4 жніўня 1926 года.
Накіравацца на Шпіцберген, каб высветліць, ці жывуць там католікі, біскупу Сміту параіў кардынал Вілем ван Росум. Біскуп не знайшоў каталіцкіх вернікаў сярод пастаянных жыхароў ні ў Лонгйіры, ні ў Ню-Алесундзе, але ў Барэнцбургу ён сустрэўся з галандскімі католікамі, якія працавалі ў шахцёрскай супольнасці Нідэрландскай шпіцбергенскай кампаніі (Nederlandsche Spitsbergen Compagnie). Яны звярталіся да Папы з просьбай аб душпастырскай апецы.
8 жніўня 1926 года біскуп Сміт цэлебраваў у Барэнцбургу ўрачыстую святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Хоць пастаянная каталіцкая місія на архіпелагу так і не была заснавана, з 1986 года ў Лонгйіры зноў з’явілася магчымасць рэгулярна цэлебраваць Імшу. Каталіцкія святары з Тромсё таксама наведвалі польскую палярную станцыю Хорнсунд і праводзілі набажэнствы для католікаў, якія там служылі.
Экуменічнае сяброўства ў Арктыцы
На Шпіцбергене няма каталіцкага касцёла. Таму каталіцкія набажэнствы сталі магчымымі дзякуючы гасціннасці Лютэранскай Царквы Нарвегіі і мясцовых уладаў. Юбілейная Імша стала нагодай падзякаваць ім за шматгадовае экуменічнае сяброўства.
Гісторыя каталіцкай прысутнасці на Шпіцбергене пачалася яшчэ да першай Імшы біскупа Сміта. У 1913 годзе Папа Пій X прыняў рашэнне аднесці архіпелаг да тэрыторыі Каталіцкага Касцёла ў Нарвегіі. Суверэнітэт Нарвегіі над Шпіцбергенам быў пазней прызнаны Дагаворам аб Шпіцбергене 1920 года, а закон аб Шпіцбергене ўступіў у моц у 1925 годзе.
Грукацца ў дзверы
Напрыканцы гаміліі біскуп Вардэн звярнуўся да будучыні хрысціянскай місіі. Ён падзякаваў за стагоддзе Божай ласкі на Шпіцбергене і заклікаў вернікаў браць на сябе адказнасць за гэты дар. Трапіст заахвоціў іх “грукацца ў дзверы кожнай заледзянелай хаціны” дзе б яна ні знаходзілася: сярод дзікай прыроды, ці там, дзе жывём мы.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]