- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Напоўніць нас любоўю можа толькі Бог». У Вільні адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат з Полацка

[1]Урачыстасць Маці Міласэрнасці, што адзначалася Касцёлам 16 лістапада, дзяўчаты з полацкай парафіі Андрэя Баболі адсвяткавалі ў Вільні, горадзе міласэрнасці. Сястра Таццяна Гмыза SJE арганізавала рэкалекцыі для дзяўчат. У іх удзельнічалі верніцы з Полацка і Вільні.

Месцам правядзення рэкалекцый стаў кляштар сясцёр Эўхарыстах і касцёл Святога Духа ў раёне Грэгарава.

На працягу трох дзён, з 15 па 17 лістапада, у беларускіх і літоўскіх дзяўчат была магчымасць паразважаць пра Божую міласэрнасць, падзяліцца праяўленнем Божай любові ў жыцці, абмеркаваць, чым ёсць міласэрнасць у штодзённасці і што нам замінае і дапамагае рабіць учынкі міласэрнасці. Таксама верніцы з Беларусі і Літвы разам удзельнічалі ў святых Імшах на літоўскай і польскай мовах, маліліся на адарацыі і шпацыравалі па Вільні.

«Напоўніць нас любоўю можа толькі Бог» [2]

Распачаліся рэкалекцыі з канферэнцыі пра Божую міласэрнасць, якую праводзіла cястра Таццяна Гмыза SJE. Яна прыгадала евангельскія прытчы пра блуднага сына (Лк.15: 11-32) і міласцівага самараніна (Лк. 10: 30-37) і прапанавала паразважаць, што замінае людзям быць міласэрнымі да свайго бліжняга. Страх, нежаданне выдзяляцца сярод іншых і браць на сябе адказнасць, абыякавасць ці недахоп любові?..

Міласэрнасць немагчымая без любові. «Кожны з нас — своеасаблівы сасуд, які з дзяцінства напаўняецца любоўю, — адзначыла c. Таццяна. — Хтосьці напоўнены напалову, хтосьці амаль даверху, а ў кагосьці толькі на дне плёскаецца крыху любові…

Калі ў нас не стае любові, мы спрабуем яе знайсці, каб напоўніць наш сасуд. Шукаем добрых слоў, адабрэння, стараемся падабацца іншым, просім, каб нас хвалілі і любілі. Імкнемся заслужыць тое, што заслужыць немагчыма. [3]

Напоўніць наш сасуд даверху любоўю можа толькі Бог. Прасіце Яго аб гэтым — Ён настолькі добры і міласэрны, што зможа дадаць тое, чаго нам так не хапае.

Калі мы будзем самі напоўненыя любоўю, зможам дзяліцца ёй з іншымі, рабіць учынкі міласэрнасці».

Пасля канферэнцыі нас чакала работа ў групах. Удзельніцы рэкалекцый разам з с. Вікторыяй Бутрымовіч SJE і с. Люцыяй Краткоўскай SJE узгадвалі дзеянне міласэрнага Бога ў жыцці, дзяліліся жыццёвымі сітуацыямі, у якіх праяўлялася Божая міласэрнасць, разам шукалі адказ на пытанне як перастаць баяцца быць міласэрнымі ў штодзённасці.

Завяршыўся першы дзень рэкалекцый вясёлым вечарам — падчас гульняў дзяўчаты маглі лепш пазнаёміцца адна з адной. [4]

«Калі мы хочам быць падобнымі да Бога, павінны часцей быць міласэрнымі, а не справядлівымі»

16 лістапада, урачыстасць Маці Міласэрнасці, распачалася святой Імшой у касцёле Святого Духа ў Грэгарава. Цэлебраваў Імшу ксёндз Францішак Юсель.

У гаміліі ён задаў прысутным пытанне: што для вас больш істотнае — міласэрнасць ці справядлівасць? Чаго вы прагнеце для сябе ад іншых і ад Бога?..

«Канечне, хочам для сябе міласэрнасці! А ці самі мы выбіраем яе, калі з намі паступаюць несправядліва? Часта больш важным здаецца менавіта справядлівасць: ты мне — я табе.

Але калі мы хочам быць падобнымі да Бога, павінны часцей кіравацца міласэрнасцю, а не справядлівасцю, бо менавіта гэтага чакаем ад Бога — літасці да нас», — адзначыў кс. Францішак. [5]

Пасля святой Імшы адбылася адарацыя з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта. Дзяўчаты звярнулі позірк душы на Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў касцёле Святого Духа, і прасілі аб ласцы міласэрнасці для сябе і сваіх блізкіх. [6]

Экскурсія па Вільні: ад Трох крыжоў да Маці Божай Вострабрамскай

Другую палову святочнай суботы беларускія і літоўскія дзяўчаты правялі ў Вільні. Сёстры зладзілі для іх экскурсію па горадзе міласэрнасці. Распачаўся маршрут на гары Трох крыжоў, далей пралягаў у катэдральны сабор святога Станіслава, дзе дзяўчаты памаліліся ў капліцы заснавальніка кангрэгацыі сясцёр Эўхарыстак Юрыя Матулевіча.

Пасля ўсе накіраваліся да касцёла Божай Міласэрнасці (Dominikonų g. 12) і касцёла Святога Духа (Dominikonų g. 8), памаліліся вяночак да Божай міласэрнасці ў касцёле францысканцаў, адным з самым старых храмаў Вільні (Trakų gatvė 9). [7]

Не прайшлі міма комплекса ўніяцкага кляштара базыльянаў, дзе месціцца будынак былой Віленскай беларускай гімназіі, сапраўднай кузьні дзеячоў беларускага адраджэння. Сястра Таццяна Гмыза SJE звярнула асаблівую ўвагу на мемарыяльныя шыльды ў гонар Адама Станкевіча, Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай, аўтаркі гімна «Магутны Божа».

Завяршылася прагулка па Вільні ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай, якую 16 лістапада вернікі ўшаноўвалі асаблівым чынам. [8]

У нядзелю, 17 лістапада, удзельніцы рэкалекцый з Полацка наведалі самы творчы і свабодны район Вільні Ужупіс. Там месціцца касцёл Барталамея, у якім Імшы адпраўляюцца на беларускай мове. Беларускі маліліся разам з парафіянамі «беларускага» касцёла на святой Імшы, якую адпраўляў айцец Арыюш Малыска OFM Cap. [9]

Пасля святой Імшы дзяўчаты паабедалі ў кляштары сясцёр Эўхарыстак у Вільні, падзякавалі ў капліцы за плённы час у горадзе міласэрнасці і папрасілі ў Бога добрай дарогі дадому.

Ася Паплаўская, eucharystki.wordpress.com [10]