- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Набажэнства першых субот месяца

[1]Падчас аднаго з аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, якое адбылося 13 ліпеня 1917 года, Найсвяцейшая Панна звярнулася да дзяцей з наступнымі словамі: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Бог хоча іх уратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Я прыду, каб прасіць прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і св. Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананыя, Расія навернецца і запануе супакой. Калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць па свеце сваю памылковую навуку, правакуючы войны і пераслед Касцёла. Справядлівыя будуць замучаныя, Айцец Святы будзе шмат цярпець. Розныя народы загінуць, у канцы Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе.

Праз сем гадоў пасля заканчэння фацімскіх аб’яўленняў, Маці Божая дазволіла сястры Луцыі адкрыць змест другой часткі фацімскай таямніцы. У гэтай частцы Марыя прасіла аб спецыяльным набажэнстве да Беззаганнага Сэрца Марыі. 10 снежня 1925 г. Маці Божая аб’явілася сястры Луцыі з Дзіцяткам Езусам, і паказала ёй сэрца, пранізанае цернямі.

Дзіцятка сказала: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, пранізанаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі зноў і зноў раняць яго, і няма нікога, хто б праз акт перапрашэння гэтыя павыцягваў церні.”

Марыя сказала: “Дачка мая, паглядзі, маё Сэрца пранізана цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна раняць блюзнерствамі і няўдзячнасцю. Прынамсі ты імкніся прыносіць мне радасць і аб’яві ад майго імя, што Я прыду ў гадзіну смерці з ласкамі патрэбнымі для збаўлення да ўсіх тых, хто на працягу першых пяці субот месяца паспавядаецца, прыме Святую Камунію, памоліцца адну частку Ружанца і пятнаццаць хвілін будзе разважаць са мною над пятнаццаццю ружанцовымі таямніцамі, ахвяруючы гэта ў інтэнцыі перапрашэння… Езус хоча выкарыстаць цябе, каб пашырыць на свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто прыме яго, Я абяцаю збаўленне. Гэтыя душы, любімыя Богам, як кветкі пастаўлю для аздобы Яго трона”.

Марыя казала пра 5 першых субот месяца для ўзнагароджання.

У ноч з 29 на 30 мая 1930 года, калі сястра Луцыя знаходзілася ў капліцы на малітве, яна мела аб’яўленне Езуса і Ён сказаў: “Дачка Мая, ёсць 5 відаў зняваг і блюзнерстваў, якія абражаюць Беззаганнае Сэрца Марыі:

  1. Абраза Беззаганнага Зачацця;
  2. Абраза Яе Дзявоцтва;
  3. Абраза Яе Божага Мацярынства;
  4. Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці;
  5. Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.

Гэта праўда, дачка мая, шмат душаў пачынае [маліцца], але мала тых, хто заканчвае, і тыя, хто заканчвае, маюць мэтай атрымаць абяцаныя ласкі. Я, аднак, жадаю тых, хто будзе абыходзіць пяць першых субот дзеля таго, каб перапрасіць Беззаганнанае Сэрца тваёй Нябеснай Маці, а не тых, што абыходзяць пятнаццаць бяздушна і абыякава.”

Умовы набажэнства першых субот месяца:

  1. Споведзь у інтэнцыі перапрашэння.

Люцыя прадставіла Езусу цяжкасці, якія некаторыя душы перажываюць са споведдзю ў першыя суботы месяца і прасіла, каб святая споведзь была важнай на працягу васьмі дзён. Езус адказаў: “Споведзь можа быць важнай і шмат даўжэй з умовай, што людзі будуць у стане асвячальнай ласкі, калі будуць прымаць Мяне і будуць мець намер узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу”.

Да споведзі неабходна прыступіць з інтэнцыяй перапрашэння за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі. У наступныя першыя суботы можна прыступіць да споведзі ў інтэнцыі перапрашэння адной з пяці зняваг, пра якія сказаў Езус.

Перад сакрамантам пакаяння можна памаліцца наступным чынам: “Божа, я прагну цяпер прыступіць да святога сакраманту паяднання, каб атрымаць прабачэнне за ўчыненыя грахі, асабліва за тыя, якімі свядома ці несвядома прычыніў боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Няхай гэтая споведзь выпрасіць Тваю міласэрнасць для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыўмфавала сярод нас”.

  1. Св. Камунія перапрашэння.

Прыняцце Святой Камуніі з’яўляецца асноўным элементам набажэнства першых субот. Яе трэба прымаць у інтэнцыі перапрашэння за грахі і зневажанні Беззаганнага Сэрца Марыі. Намер належыць узбудзіць у сваім сэрцы перад прыняццем Святой Камуніі.

  1. Ружанец перапрашэння.

На пачатку ружанцовай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамантам пажадана памаліцца словамі Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы: “Найсвяцейшая Тройца, Ойча, Сыне і Дух Святы. У глыбокай пакорнасці я аддаю Табе пашану і ахвярую Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, блюзнерства і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў”.

Малітва:

О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэта маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвярую Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты святы Ружанец.

Ружанец перапрашэння за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі адгаворваецца так, як звычайны Ружанец, з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя…  дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя:

  1. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце!
  2. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва!
  3. Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці!
  4. Захавай і памнож у нас праслаўленне і любоў да Тваіх абразоў!
  5. Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.

Пасля кожнай таямніцы Ружанца молімся малітвай, якую перадала Маці Божая ў Фаціме ў ліпені 1917 года: “О, мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш неабходна Твая міласэрнасць”.

  1. 15-хвіліннае разважанне над зместам таямніцы Ружанца ў інтэнцыі перапрашэння.

Недастаткова толькі прачытаць падрыхтаваныя разважанні [2]. Неабходна асабістае разважанне, якое дапамагае з’яднацца духоўна з Беззаганнай Маці. Можна разважаць адну выбраную таямніцу, альбо ўсе па чарзе, разважаць аб падзеях з жыцця Езуса і Марыі. Гэтае разважанне павінна фармаваць нашыя сэрцы, прыпадабняць іх да Сэрца Маці Божай, а таксама вучыць глядзець на свет і розныя падзеі нашага жыцця Яе вачамі.

Пра тое, наколькі важная інтэнцыя перапрашэння, нагадвае нам сам Езус, калі кажа сястры Луцыі, што “вартасць набажэнства залежыць ад таго, ці людзі маюць намер узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу Марыі”. Таму сястра Луцыя распачынае свае нататкі заўвагай: “Не забыцца пра інтэнцыю перапрашэння, якая з’яўляецца вельмі важным элементам першых  суботаў”.