- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

На вежы касцёла, які будуецца ў мікрараёне Серабранка, усталявалі крыжы

крыж [1]Новыя знакі Божай прысутнасці ўзняліся над Беларуссю. 8 жніўня  ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля сабраліся дзесяткі вернікаў, каб стаць сведкамі таго, як на касцёл, які будуецца, паднялі крыжы. Асвяціў іх арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Гэтую падзею беларускі іерарх назваў сапраўды знакавай: у гісторыі Беларусі быў перыяд, калі ў часы ганенняў на веру сiмвалы хрысцiянства знішчалі, а сёння там, дзе яны руйнавалiся, паўстаюць новыя.

Тым больш, што завяршэння будаўніцтва гэтага касцёла ў мікрараёне Серабранка чакаюць ужо доўга, а ўсталяванне крыжоў – новы, бачны этап яго ўзвядзення. “Гэта новы, чарговы этап пабудовы касцёла.

Хтосьці, мабыць, памятае, што калісьці пры будаўніцтве ставілі спачатку кроквы, потым крыжык маленькі і вянок. І гэта быў ужо такі этап. Крыж з’яўляецца сёння знакам у нашым жыцці.

Былі часы, калі над крыжамі здекваліся, а сёння будуюцца касцёлы, цэрквы, іншыя малітоўныя дамы. І паўсюль ёсць крыж. Крыж – гэта знак нашага збаўлення, знак, які заклікае нас падняць галаву ўверх ад нашых зямных спраў, яны не павінны замяніць нам Бога, таму крыж і заклікае падняць галаву і паглядзець на Божыя справы”, — адзначыў мітрапаліт.

Будаўніцтва касцёла ў парафіі св. Яна Хрысціцеля пачалося яшчэ ў 2007 годдзе. Ён стаў пятым каталіцкім храмам у беларускай сталіцы і першым, які пачалі будаваць тут за апошняе стагоддзе. Па праекту гэты касцёл – пры вышыні амаль 50 метраў – стане самым высокім каталіцкім сакральным будынкам Мінска. Яго крыжы ужо бачны здалёк – усяго на вежах іх размясціцца сем, пакуль жа ўсталявана толькі два – з сімволікай Эўхарыстыі і Маці Божай, адзін з якіх памерам 4 з паловай метра і вагой амаль тону.

Рабілі іх два майстры больш года, і зараз пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля падзякаваў вернікам, якія таксама прыблізілі падзею ўсталявання крыжоў: многія парафіяне ахвяравалі на іх стварэнне, паведаміў ксёндз Аляксандр Мятліцкі.

“Я бачыў, як хваляваліся таксама і нашы парафіяне, калі яны будуць зроблены і ўсталяваны, таму што з такімі намаганнямі ўсё гэта было зроблена. Але сёння я сапраўды бачу, што крыжы гэтыя з’яўляюцца знакам нашай перамогі. Перамогі, таму што, калі на будынку стаіць крыж – гэта ўжо храм. І мы бачым ужо гэту сімволіку храма сёння, але перш за ўсё нам трэба будаваць храм у сэрцах людзей”, — сказаў святар.

За апошні год толькі ў беларускай сталіцы гэта трэцяе ўсталяванне крыжоў на каталіцкіх храмах. Увогуле ж у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі зараз будуюцца ці рэстаўруюцца каля 20 касцёлаў – у прыватнасці, гэта Фаніпаль, Негарэлае, непасрэдна Магілёў.

Калі завяршыцца будаўніцтва ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля пакуль не вядома, але ў будучым тут будзе сапраўдны комплекс з моладзевым цэнтрам. А пакуль жа шматлікія вернікі гэтым радасным летнім вечарам яшчэ доўга стаялі, узняўшы галаву ўверх, і любаваліся бліскучымі на сонцы крыжамі.

Ларыса Абрамчук, Ватыканскае Радыё [2]