- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

На Сусветныя дні моладзі ў Панаму прыедуць пілігрымы са 135 краін

[1]У цэлым чакаецца прыезд больш за 150 тысяч пілігрымаў, прыме ўдзел у СДМ і Куба.

Да каталіцкіх Сусветных дзён моладзі ў Панаме-2019 засталося каля 70 дзён. Аргкамітэт апублікаваў статыстыку па ўдзельніках форуму, якія ўжо завяршылі сваю рэгістрацыю. У цэлым чакаецца прыезд больш за 150 тысяч пілігрымаў са 135 краін.

Найбольш масава свае дзяржавы прадставяць маладыя католікі з Коста-Рыкі (каля 6 тысяч чалавек), Бразіліі, Мексікі, Калумбіі, Панамы (прыкладна па 5 тысяч чалавек), ЗША (4 тысячы), Сальвадора і Гватэмалы (па 3 тысячы), Эквадора, Нікарагуа і Аргенціны (па 2 тысячы чалавек). Польшча, якая прымала Сусветныя дні моладзі 2016 года, займае 11-е месца па колькасці пілігрымаў.

Прыме ўдзел у СДМ і Куба — адтуль плануюць прыехаць каля 500 чалавек.

Сусветныя дні моладзі — гэта падзея міжнароднага значэння, арганізаваная Каталіцкім Касцёлам і аб’ядноўвае моладзь усяго свету: каталіцкую і іншых веравызнанняў. Узначальваецца Святым Айцом Папам Рымскім і святкуецца кожныя два ці тры гады.

Рух СДМ зарадзіўся ў 1984 годзе, а менавіта ў Вербную Нядзелю. Папа Ян Павел II заклікаў моладзь Рыма адсвяткаваць разам з ім Год Змёртвыхпаўстання. Гэты заклік быў успрыняты з велізарным запалам, які перасягнуў усе чаканні. У 1985 годзе Папам было выпушчана пасланне, звернутае да моладзі ўсяго свету, а пазней заснаваныя Сусветныя Дні Моладзі.

З цягам часу Дні моладзі набылі вялікую папулярнасць і сталі найбуйнейшым міжнародным моладзевым мерапрыемствам у свеце — у розныя гады ў ім бралі ўдзел ад некалькіх соцень тысяч да пяці мільёнаў маладых людзей (Маніла 1995). Апошняя сустрэча, якая адбылася ў 2016 годзе ў Кракаве сабрала каля 2 мільёнаў маладых людзей з усяго свету.

Бліжэйшыя Сусветныя дні моладзі пройдуць у Панаме з 22 па 27 студзеня 2019 года.

Паводле katolik.life [2]