На самой справе ці на самай справе? Як павінна быць па-беларуску?

Пытаннем, вынесеным у загаловак, зацікавілася чытачка “Каталіцкага весніка”, якая абазначыла сябе ў лісце да аўтара нашай моўнай старонкі вельмі сціпла: Л.М. (Мядзел). Зрэшты, не мае значэння, як чалавек сябе ідэнтыфікуе ў камунікацыі. Куды важней, якое пытанне яго цікавіць, што выклікае пэўную праблему. Дык вось Л.М. заўважае сярод іншага: “Напэўна, маё пытанне не вельмі важнае. Напэўна, не так часта мы сутыкаемся на практыцы з гэтым словам… Але, калі можна, усё ж хацелася б ведаць: ці абодва варыянты правільныя, гэта значыць, яны – варыянты, ці правільная толькі адна форма…”

Адразу хацелася б выказаць падзяку за пытанне і за скрупулёзнае стаўленне да нашай мовы. Бо каб заўважаць такія нюансы, трэба насамрэч добра арыентавацца ў моўным матэрыяле, сапраўды цікавіцца беларускай мовай і добра ў ёй разбірацца. І не варта трактаваць падобныя моўныя факты як “не вельмі важныя”. Бо калі мы гаворым пра культуру маўлення, калі мы сапраўды імкнёмся гаварыць правільна, прыгожа, то ніякіх дробязяў, не важных пытанняў проста не можа быць.

А праблема, нясмела ўзнятая нашай шаноўнай чытачкай, насамрэч важная. І я не пагадзіўся б з выказаным ёй меркаваннем, што мы “не так часта сутыкаемся на практыцы з гэтым словам”. Якраз наадварот: канструкцыя надзвычай ужывальная, бо можа выкарыстоўвацца па сутнасці ў любой маўленчай сітуацыі. Таму паспрабуем разабрацца.

На самай справе – гэта фразеалагізм. І мы сапраўды часта і чуем, і бачым дадзеную лексічную адзінку з націскам на канчатку займенніка: На самой справе будынак упрыгожвалі не толькі вучні, дапамагалі і іх бацькі; Ніхто не ведае, як было на самой справе; Нікога з нашых на самой справе там не было. Можна меркаваць, што націск на канчатак займенніка ў дадзеным устойлівым спалучэнні пераносіцца менавіта з найлепшых памкненняў: надаць канструкцыі больш беларускую форму, паказаць адрозненне ў вымаўленні ад адпаведнага рускага эквівалента – на самом деле.

А іншае тлумачэнне можа быць, на наш погляд, абгрунтаванае ўжо больш сур’ёзным падыходам, калі ў якасці пачатковай формы займенніка разглядаецца слова сам. Але справа ў тым, што тут такой зыходнай формай з’яўляецца займеннік самы (!) І гэты факт акурат і рэгулюе правільнасць ужывання ў нашай мове ўсяго фразеалагізма. Займеннік самы мае, паводле “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”, аж пяць значэнняў і яшчэ рэалізуе сем дадатковых адценняў. Таму і сапраўды няцяжка заблытацца ў такім лінгвістычным багацці). І калі мы прымаем пад увагу слова самы, то ўсё становіцца на сваё месца. Напрыклад: На самай сцежцы ляжалі нечыя боты; Студэнты хадзілі падчас практыкі па самай вялікай вёсцы калгаса і распытвалі жыхароў; Малады чалавек быў сканцэнтраваны на самай важнай цяпер для яго місіі.

Форма самой не мае ў беларускай мове фразеалагічна абумоўленага значэння, ужываецца ў зусім іншых акалічнасцях: Самой цёткі ў хаце не было; Дзяўчыне хацелася самой расказаць усё бацькам; Маці самой давялося ўсё рабіць. Тут, як мы бачым, займеннік мае значэнне канкрэтнай асобы, якая з’яўляецца выканаўцам дзеяння. І ў гэтым менавіта і заключаецца розніца, калі мы гаворым пра правільную націскную форму.

Такім чынам, адказваючы на пытанне нашай чытачкі з Мядзела спадарыні Л.М., канстатуем, што правільна па-беларуску будзе на самай справе. Гэтай формы і мусім трымацца.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі