- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

На поўдні Іспаніі адкрылі самую вялікую ў свеце калядную батлейку

[1]У іспанскім Алікантэ на адной з плошчаў знаходзяцца самыя вялікія калядныя яслі. Некаторыя фігуры там дасягаюць 20 метраў. У 2019 годзе іспанская батлейка трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса. З тых часоў ніхто не пабіў гэта дасягненне.

Батлейка складаецца з фігур Святой Сям’і. Вышыня фігуры Дзіцятка Езуса складае 3,25 метра, Марыі — 10 метраў, а фігура Юзафа — 17 метраў у вышыню. Іх аўтарам з’яўляецца Хасэ Мануэль Гарсія Эсківа, які выканаў фігуры з пластыка і жалеза.

Сёлета да батлейкі дадаліся Тры Каралі. Самы вялікі з іх, Бальтазар, мае вышыню больш за 16 метраў, Каспар — амаль 16 метраў і 11-метровы Мельхіёр.

Плошча, якую займае батлейка, гэта значыць больш за 180 тысяч кв. метраў — таксама адна з самых вялікіх, якія зафіксаваныя да гэтага часу.

Манументальную батлейку дапаўняюць шэсць фігур анёлаў, размешчаных у розных месцах горада. Два з іх маюць восем метраў у вышыню, а астатнія чатыры — каля 9 метраў.

«Мы хочам зрабіць Алікантэ сталіцай Божага Нараджэння», — адзначыў мэр горада Луіс Баркала.

— Гэтыя манументальныя яслі і шэсць анёлаў дораць нам шчасце і радасць у гэтыя асаблівыя дні. Яны ўжо сталі бясспрэчнай турыстычнай славутасцю, а таксама дапамагаюць у аднаўленні мясцовага гандлю, — дадае мэр горада.

polsatnews.pl [2]
пераклад Марыны Ткач