[1]14 верасня адзначалася свята Узвышэння Святога Крыжа, якое акцэнтуе ўвагу католікаў на сімвале мукі і збаўлення. Пра крыж шмат сказана і напісана. Вобраз крыжа актыўна выкарыстоўваецца і ў культуры. Асаблівым чынам – у літаратуры. Літаратары ва ўсе часы звярталіся да гэтага сімвала, надаючы яму розны сэнс. У пэўных творах крыж – сімвал мукі і пакут, у іншых – сімвал невычэрпнай любові. Можна сустрэць крыж і ў беларускай літаратуры. Расказаць пра тое, у якіх творах нацыянальнай літаратуры можна натрапіць на гэты вобраз, мы папрасілі філолага Марыюша Каліціньскага.
– Адно з апавяданняў у кнізе Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”, дзеянне якога адбываецца на Полаччыне, змяшчае цікавы эпізод: медны крыжык дапамагае выратаваць жонку гаспадара, які дзеля багацця пабратаўся са злым духам у выглядзе цмока. Злыдзень спрабуе нанесці шкоду ёй і бацькам, кідаючы па хаце камяні ды розныя прадметы, аднак людзі цэлымі выбягаюць за дзверы пад покрывам крыжа. Што цікава, у іншым месцы пра жыхароў Полаччыны гаворыцца наступнае: “У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць святую веру, а д’ябал ад крыжа і малітвы ўцякае”. У вершы “Новы 1886 год” Францішак Багушэвіч малюе пазітыўную, поўную надзеі карціну крыжа. Тут крыж, у першую чаргу, знак непахіснай веры.
Янка Купала прысвячае гэтаму знаку асобны верш “Крыжы”, хочучы данесці да чытача думку, што крыж суправаджае чалавечае жыццё ад пачатку да канца. У “Новай зямлі” Якуба Коласа крыж згадваецца ў кантэксце залежнасці галоўнага героя Міхала і яго сям’і ад землеўладальнікаў. Пад яго цяжарам Міхалу не хапае часам цярплівасці: “А над уласнай гаспадаркай […] / Цяжкі крыж пастаў над ёю, / Як мусім ставіць над сабою”. Але незадоўга да сваёй хваробы і смерці герой выказваецца зусім у іншым тоне: “І трэба часам крыж пакуты / Панесці, мілыя мае вы, […] / Раз ты наважыў дзела, / Ідзі станоўча, роўна, смела”.
У рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” сустракаецца мастацкае асэнсаванне евангельскага сюжэта ўзыходжання Хрыста на Галгофу. Нягледзячы на трагікамічнасць гэтага рамана і яго галоўнай постаці ілжэ-Хрыста Юрася Братчыка, згаданы сюжэт адзначаецца драматызмам і ў некаторых момантах можа перадаваць тое, што перажываў сам Хрыстос: “Цяжка! Вялізны крыж гне амаль напалам […] Дыханне хрыпата вырвалася ў асуджанага. Кроў і гразь капалі на адзенне, падсыхалі коркай на твары. Запалёныя вочы прыжмурваліся ад пякучага, нясцерпнага сонечнага святла. Нешта, нібы молатам, валіла ў вушы і чэрап”.
Адметнае месца займае крыж і ў “Знаку бяды” Васіля Быкава. Пісьменнік у сваім стылі – стрымана і адначасова кранальна апісвае, як галоўныя героі апавядання Пятрок і Сцепаніда ставяць крыж на сваім полі. Апроч безлічы выпрабаванняў і пакут, што давялося перажыць героям, крыж сімвалізуе сілу дабра, якое хочуць знішчыць людзі, падманутыя ўтапічнымі ідэямі.
У 2005 годзе пабачыў свет зборнік духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна “Ксты”. Слова “ксты” азначае, між іншым, “крыжы”. Ідэя гэтай кнігі – данесці да чалавека, што кожны нясе свой крыж, які прыводзіць да паўнаты жыцця і вечнага шчасця ў Валадарстве Нябесным.
Святы Ян Павел ІІ у многіх прамовах указваў на крыж, заахвочваючы ўзірацца ў яго, узяць на свае плечы. А знакаміты святар-паэт Казімір Сваяк пісаў, што беларус “зажыве паўнейшым жыццём, калі зглыбіць і пашырыць у сабе веру ў Хрыста ўкрыжаванага, праз каторага сляпым вочы адкрываюцца, нямым голас даецца”.
Марта Венславовіч