- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Мы Цябе славім, о Благаслаўлёная Тройца”. Парафіяльны адпуст адбыўся ў Глыбоцкай парафіі

[1]Апошнія вясеннія дні выдаліся надзвычай халоднымі і дажджлівымі. І вось нечакана, быццам падарунак з нябёсаў,  – цёплая, спакойная і, нават, крыху сонечная нядзеля.

31 мая ў Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы адбылася адпустовая Імша, на якую прыбыў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

На прыступках святыні ганаровага госця віталі з традыцыйнымі хлебам і соллю пробашч ксёндз  Мікалай Ціхановіч і прадстаўнікі парафіі.

На пачатку Імшы ксёндз Мікалай падзякаваў біскупу Уладзіміру за тое, што, нягледзячы на вялікую занятасць, знайшоў час і з радасцю прыняў запрашэнне быць сёння ў Глыбокім.

Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі заўважыў, што адчувае сябе не госцем, а братам сярод братоў і сясцёр, якія разам вызнаюць і праслаўляюць Бога Айца, Сына і Святога Духа як адна хрысціянская сям’я.

[2]

Асобе Святой Тройцы была прысвечаная і гамілія.

“Сённяшняя ўрачыстасць вядзе нас у глыбіню веры і занурае ў найвялікшую таямніцу хрысціянства,” – распачаў біскуп Уладзімір.

Ён звярнуў увагу, што чалавек хоча ўсё ў жыцці тлумачыць законамі логікі, але Бог становіцца большым за ўсе чалавечыя вымярэнні, тлумачэнні і намаганні.

Ёсць і яшчэ адзін парадокс: сёння людзі вельмі прагнуць любові, але ўсё больш і больш страчваюць здольнасць любіць.

Хрысціянства грунтуецца на сустрэчы Бога і чалавека. Бог першым выходзіць насустрач і дорыць чалавеку Любоў.  Менавіта Любоў – ключ для распазнання Найсвяцейшай Тройцы.

[3]

Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. А потым урачыстая працэсія вырушыла з касцёла на цэнтральную плошчу горада, каб, спяваючы эўхарыстычныя спевы, разам праслаўляць Бога, адзінага ў Святой Тройцы.

Скончылася працэсія традыцыйным гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота