[1]Калі вы шукаеце кінастужку для сямейнага прагляду, паспрабуйце паглядзець “Мітчэлы супраць машын”. Гэта камедыйны фантастычны і прыгодніцкі анімацыйны фільм выдавецтва амерыканскай кінастудыі Sony Pictures Animation.
Цікавы факт, што кінастужка павінна была выйсці ў шырокі пракат у 2020 годзе пад назвай “На сувязі”, але перашкодзіла сітуацыя з пандэміяй COVID-19. У выніку кампанія Sony Pictures Animation прадала правы сэрвісу Netflix, які вярнуў ёй працоўную назву “Мітчэлы супраць машын”. Мультфільм прадставілі гледачу ў красавіку 2021 года і ён стаў самым папулярным фільмам сэрвісу. За першыя 28 дзён стужку праглядзелі каля 53 мільёнаў чалавек.
Анатацыя да мультфільма пачынаецца са слоў пра “незвычайную сям’ю, якая змагалася з паўстаннем робатаў”… Але пасля прагляду падалося, што кожная сям’я ў 2025 годзе абавязкова знойдзе ў Мітчэлах сябе.
Тата Рык шмат працуе, каб утрымліваць сям’ю, мама Лінда клапоціцца пра мужа і дзяцей, малодшы сын Аарон захапляецца дыназаўрамі і Кэці – старэйшая дачка падлетак. У Кэці асаблівае захапленне: яна хоча стаць кінематаграфісткай. Дзяўчына паспяхова здымае кароткія ролікі і паступае ў каледж, дзе яе ўжо чакаюць новыя сябры.
Толькі тата зусім не разумее навамоднай прафесіі, якую выбрала дачка. Ён не знаходзіць слоў падтрымкі, ён у прынцыпе не хоча іх шукаць. У сварцы Рык разбівае ноўтбук Кэці і зноў не знаходзіць ні слоў перапрашэння, ні слоў падтрымкі.
Тут, як у кожнай сям’і, на арэну выходзіць Лінда, жонка і мама. Яна прапаноўвае сабрацца разам і паехаць у падарожжа. Шчыра кажучы, ні Кэці, ні Рык не праяўляюць асаблівага энтузіязму, але згаджаюцца. У падарожжы павінен адбыцца цуд прымірэння…
А ў гэты час знакаміты прадпрымальнік Марк Боўман стварае новую лінейку дамашніх робатаў. Гэтыя робаты лёгка могуць замяніць чалавека ва ўсім: ад прыбірання ў доме да суцяшэння ў бядзе. Але робаты сталі настолькі інтэлектуальнымі, што вырашылі знішчыць усё чалавецтва на планеце.
Якім чынам сям’я Мітчэлаў апынецца ў цэнтры вайны людзей і машын, ці змогуць яны перамагчы робатаў-паўстанцаў? Глядач даведаецца падчас прагляду.
А што яшчэ можна ўбачыць у мультыплікацыйнай стужцы?
– Дзяцей, якіх ужо не цікавіць, чым жыве сям’я, бо ў свеце сацсетак больш цікава.
– Жанчыну, якая лічыць сям’ю з сацсетак недасягальным прыкладам, але не ведае, якая рэальнасць стаіць за прыгожай карцінкай.
– Тату, які просіць немагчымага: “пакладзіце гаджэты і паглядзіце адно аднаму ў вочы”…
Яшчэ адзін цікавы момант: калі робаты адпраўляюць людзей Зямлі ў чорную бездань, то ўключаюць безлімітны вайфай. Чалавецтва супакойваецца і радуецца.
Як даўно мы ў нашых сем’ях глядзелі адно аднаму ў вочы? Ці цікавіць нас сапраўднае жыццё па-за светам інтэрнэту? І ці не замяняе нам штучны інтэлект жывога чалавека? Такія пытанні можа задаць сабе кожны падчас прагляду.
Вікторыя Філіпенка