[1]Поўнаметражная стужка “Бабулін рэцэпт” (A Greyhound of a Girl — 2023) – гэта не проста чарговы мультфільм для дзяцей. Гэта глыбокі, часамі няпросты анімацыйны твор для ўсёй сям’і.
Мультфільм з’яўляецца экранізацыяй кнігі A Greyhound of a Girl (у беларускім перакладзе – “Падарожжа да бабулі”) ірландскага пісьменніка Родзі Дола. Стварэнне стужкі стала маштабным міжнародным праектам, у якім прынялі ўдзел кінастудыі з сямі еўрапейскіх краін: Ірландыі, Італіі, Люксембургу, Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі і Германіі.
Цікава, што асноўны працэс па вытворчасці мультфільма прыйшоўся на час пандэміі COVID-19. Таму шмат працы было праведзена ў фармаце анлайн-сустрэч паміж удзельнікамі з розных краін свету.
Напачатку кінастужка прадстаўляе галоўную гераіню – адзінаццацігадовую Мэры О’Хара. Дарэчы, гэтае прозвішча нібыта адносіць гледачоў да знакамітай ірландскай Скарлет О’Хара, да якой вельмі падобная маці дзяўчынкі.
Мэры вельмі любіць гатаваць, марыць стаць кухарам і таму імкнецца паступіць у прэстыжную кулінарную школу. На ўступным экзамене дзяўчынка гатуе свой фірмовы пірог, але фанабэрыстыя і строгія суддзі крытыкуюць гэты выраб. На дапамогу прыходзіць асаблівая жанчына – бабуля Эмер. Яна горача заступаецца за ўнучку перад прыёмнай камісіяй. І нездарма.
Мэры, канешне, можа здавацца дзёрзкай і нявыхаванай, але, разам з тым, гэта вельмі смелая і пяшчотная дзяўчынка. Яна жыве ў звычайная сям’і са звычайнымі сямейнымі радасцямі і цяжкасцямі. Найбольш засмучае дзяўчынку тое, што мама не ўспрымае ў сур’ёз яе талент і захапленне кулінарыяй. Але побач ёсць бабуля Эмер, яна падтрымлівае Мэры, вучыць гатаваць, а аднойчы дорыць унучцы каштоўны скарб – сшытак з рэцэптамі, якія збіралі жанчыны О’Хара. Кухня для дзяўчынкі становіцца не проста захапленнем, а месцам адпачынку і сувязі з сям’ёй.
Раптоўна прыходзіць трагедыя: лекары знаходзяць у спадарыні Эмер цяжкую хваробу. Ці стане гэта перашкодай для Мэры ў дасягненні сваёй мары? Тут пачынаецца самае цікавае. Глядач занураецца ў незвычайную, а часам нават дэтэктыўную і містычную гісторыю жанчын сям’і О’Хара. І гэтая гісторыя прыводзіць у незвычайнае месца – у дом бабулі Эмер. Там адбываецца сапраўдны цуд прымірэння і развітання.
Героі мультфільма – простыя людзі. Яны не здолелі перамагчы смерць. Але ў іх атрымалася пераадолець крыўды, страх і адзіноту. І гэтая перамога зрабіла моцнай усю сям’ю.
Вікторыя Філіпенка