- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Міс Сусвет-2023: «Гэтая карона не мая, яна для Яго!»

[1]18 лістапада нікарагуанская мадэль Шайніс Паласіас увайшла ў гісторыю, заваяваўшы тытул «Міс Сусвет-2023». Яна стала першай жанчынай з Нікарагуа, якая выйграла гэты сусветны конкурс прыгажосці.

«Я хрысціянка, каталічка, і для мяне малітва — гэта тое, дзякуючы чаму мне ўтульней… Калі я дзякую Богу, я раблю гэта, таму што гэтая карона не мая, яна для Яго!» — сказаў Паласіас у інтэрв’ю пасля перамогі.

Сведчанне дзяўчыны мае асаблівую вагу на фоне рэпрэсій супраць Каталіцкага Касцёла, якія працягваюцца ў Нікарагуа. Апошнія гады дыктатарская пара Артэга-Мурыльё, якая кіруе краінай, была адзначана выгнаннем некалькіх жаночых кангрэгацый, закрыццём універсітэтаў і мясцовага аддзялення Карытас, забаронай на публічныя рэлігійныя працэсіі, масавымі арыштамі святароў і зняволенне біскупа Альварэса, які адмовіўся ехаць у выгнанне, разрыў дыпламатычных адносін са Святым Пасадам і іншыя дзеянні, накіраваныя на знішчэнне Касцёла ў Нікарагуа.

Улічваючы ўсе гэтыя жудасныя падзеі, відавочна, што быць католікам і публічна сведчыць пра сваю веру ў Нікарагуа небяспечна, бо гэта цалкам можа быць вытлумачана як прамая апазіцыя рэжыму Артэгі-Мурыльё. Такім чынам, адважная заява Паласіас не толькі падкрэслівае яе каталіцкую веру і любоў да малітвы, але таксама выказвае яе веру ва ўсемагутнасць Бога і ў тое, што вера ў рэшце рэшт пераможа.

[2]

«Я проста шчаслівая за сваю краіну. Гэта перамога для нас, для майго народа… У маёй краіне людзі выходзяць на вуліцы і святкуюць гэты момант са сцягамі ў руках. Гэта дае нам шчасце, гэта дае нам надзею, гэта дае нам сапраўдную перамогу», — сказала Паласіас.

Па матэрыялах credo.pro [3]
Пераклад Марыны Сінкевіч