- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Мінчане распавялі, на чыім баку былі б у дзень распяцця Хрыста

3kresta [1]Напярэдадні светлага хрысціянскага свята — Уваскрэсення Езуса Хрыста, карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO [2] выйшла на вуліцы Мінска, каб даведацца ў яго жыхароў, што б яны зрабілі, калі б апынуліся ў Ерузалеме сярод равучага, жорсткага натоўпу, які крычаў Езусу: «Распні Яго, укрыжуй». Памылі б рукі як Понцій Пілат, падтрымлівалі натоўп або за імя Езуса аддалі б сваё жыццё? А вось, што адказалі на гэтае пытанне маладыя людзі.

daria-280x260 [3]

Дар’я: стаяла б слупом

Дар’я: Я палюбіла Езуса Хрыста, таму наколькі гучнымі не былі б блюзнерскія крыкі натоўпу, ім бы не ўдалося заглушыць крыкі майго сэрца. Хоць я і не з нясмелага дзясятка, але, думаю, я б стаяла там, як укапаны слуп (усміхаецца). Так, мне было б страшна! Толькі ўявіце мяне, далікатную дзяўчыну, якая спрабуе суняць агрэсіўна настроеную масу людзей. Гэта выглядала б смешна, таму я б моўчкі стаяла на злавеснай плошчы, але думкамі даверылася б Богу і душой не здрадзіла б Яму ў той дзень.

Andrey-280x260 [4]

Андрэй: памёр бы за свайго Настаўніка

Андрэй: Калі б я быў сярод вучняў Езуса Хрыста, я б заступіўся за свайго Настаўніка. І нават ахвяраваў бы сваім жыццём. Губляць жа ўсё роўна няма чаго, а так адразу ў рай можна было б трапіць за такі подзвіг (усміхаецца).

Irina-280x260 [5]

Ірына: не люблю натоўп

Ірына: Я б нават з хаты не выходзіла, калі ведала, што недзе на плошчы будуць судзіць вядомага па ўсёй краіне ці то Чалавека, ці то Бога. Адразу ясна, што на гэта відовішча збярэцца паглядзець мноства людзей, а я, на жаль, не з’яўляюся чалавекам натоўпу. Таму застацца дома лічу выдатным варыянтам у дадзенай сітуацыі. А ад суседзяў пасля ўсё даведалася б, да таго ж, у драбнюткіх падрабязнасцях!

Dmitrij-280x260 [6]

Зміцер: умыў бы рукі, як Пілат

Зміцер: Абыякавасць — менавіта так можна было б апісаць мой стан на той фатальнай для Езуса плошчы. Але, калі б у мяне былі на тое прывілеі, зрабіў бы тое ж самае, што і Понцій Пілат: умыў бы рукі. А што, вельмі зручна не спрачацца з меркаваннем народа: аддаць ЕЗуса ў рукі рымскіх воінаў і застацца пры гэтым не вінаватым ў Яго смерці. Маўляў, рабіце з Ім ўсё, што захочаце, а я тут ні пры справах.

Polina-280x260 [7]

Паліна: паддалася б меркаванню натоўпу

Паліна: Гэта вельмі супярэчлівая сітуацыя для мяне. Я адразу ўспамінаю такое паняцце, як эфект натоўпу: калі адзін сказаў — астатнія паслухаліся, адзін зрабіў — астатнія зрабілі тое ж самае. Таму, у тыя часы, баюся, што я паддалася б натоўпу і яго меркаванню. У іншым выпадку, калі б я пачала крычаць што-небудзь у процівагу агрэсіўна настроеным людзям, то мяне б ўкрыжавалі ўслед за Хрыстом. І тады было б на Галгофе ўжо не тры крыжа, а чатыры.

daniel-280x260 [8]

Даніэль: я хацеў бы проста апынуцца побач з Хрыстом

Даніэль: Хочацца верыць, што я б распачаў нейкія захады, каб не дапусціць распяцце Божага Сына. Але тут маецца і іншы бок медаля: калі б Хрыстос тады не ўзышоў на крыж і не памёр за мае грахі, я б не меў надзею на выратаванне і жыццё вечнае. Таму, я б вельмі хацеў проста апынуцца ў той дзень з Ісусам побач, каб разам з Ім падзяліць Яго пакуты.

Падрыхтавала Эльвіра Гарошка