[1]Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» запрашае дзяцей свету 7 кастрычніка 2025 года ўзяць удзел у глабальнай малітоўнай акцыі за мір і адзінства.
Сёлета ўпершыню міжнародная ініцыятыва «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы» пройдзе 7 кастрычніка 2025 года, у літургічны ўспамін Маці Божай Ружанцовай. Як паведамілі ў Папскім фондзе «Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, акцыя запрашае дзяцей, моладзь і сем’і да супольнай малітвы за адзінства і мір ва ўсім свеце.
Арганізатары прапануюць розныя спосабы ўдзелу ў малітоўнай кампаніі. «Некаторыя ўдзельнікі моляцца ўвесь ружанец, іншыя толькі яго частку. Адны спалучаюць малітву з катэхезай пра ружанцовую малітву, кароткімі чытаннямі і дзіцячымі песнямі. Другія запрашаюць дзяцей маляваць таямніцы ружанца разам з малітвай», — адзначаюць у Фондзе.
Малітоўная акцыя ўзнікла ў 2005 годзе ў Венесуэле, а Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» ўзяў на сябе яе сусветную каардынацыю і арганізацыю. Натхненнем для ініцыятывы стаў выраз святога айца Піа з П’етральчыны (1887-1968): «Калі мільён дзяцей будзе маліцца на ружанцы, свет зменіцца».
Паводле дадзеных арганізатараў, у мінулым годзе на афіцыйным сайце акцыі было зарэгістравана больш за 1,2 мільёна ўдзельнікаў з усяго свету. У 2023 годзе ініцыятыва ўпершыню аб’яднала больш за мільён дзяцей са 124 краін, у тым ліку з Беларусі, дзе малітоўная акцыя злучыла тэлемостам пяць гарадоў з усіх дыяцэзій – Браслаў, Гомель, Гродна, Магілёў і Мінск.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News