- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Міласэрнасць – гэта душа хрысціянскага жыцця. Агляд дзейнасці “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі

[1]Дабрачыннасць – гэта не проста дзеянні, але і спосаб перадачы чалавечнасці і спачування. У сучасным свеце, дзе шмат людзей сутыкаецца з цяжкасцямі, важнасць дапамогі тым, хто ў патрэбе, набывае асаблівае значэнне. Дабрачынныя праекты не толькі здольныя змяніць жыццё людзей, што маюць патрэбу, але і ўзбагаціць тых, хто дапамагае, ствараючы пачуццё супольнасці і ўзаемадапамогі. Яны вучаць нас спачуванню і цярплівасці.

ІІІ нядзеля Вялікага посту, якая сёлета выпадае на 23 сакавіка, ужо традыцыйна з’яўляецца днём, прысвечаным Дабрачыннаму каталіцкаму таварыству “Карытас”, калі ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці нашай арганізацыі.

Падчас адной з катэхезаў на пачатку свайго пантыфікату Папа Францішак падкрэсліў важнасць міласэрнасці ў жыцці чалавека такімі словамі: “Міласэрнасць – гэта не адно з многіх вымярэнняў, а душа хрысціянскага жыцця: хрысціянства без міласэрнасці не існуе. Калі ўсё наша хрысціянства не вядзе да міласэрнасці, гэта значыць, што мы згубілі дарогу, бо міласэрнасць – адзіная сапраўдная мэта кожнага духоўнага шляху. Яна з’яўляецца адным з самых цудоўных плёнаў любові”.

Беручы за аснову словы Святога Айца, супрацоўнікі і валанцёры “Карытас Віцебск” у сваёй дзейнасці імкнуцца рэалізоўваць наказ Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.

“Карытас” перадусім нясе дапамогу тым людзям, каму яна найбольш патрэбная, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Арганізацыя “Карытас” існуе ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай краіне і тым больш у кожнай дыяцэзіі яна мае ўласныя адметныя рысы і напрамк дзейнасці, якія адпавядаюць актуальным патрэбам пэўнай канкрэтнай супольнасці.

Згодна з добрай традыцыяй, мы хочам распавесці чытачам “Каталіцкага Весніка” пра нашыя дабрачынныя і сацыяльныя праекты за мінулы год.

У 2024 годзе дзякуючы падтрымцы нашых партнёраў – “Карытас Лінц” (Аўстрыя) і KZE – працягнуў сваю дзейнасць Сацыяльны пункт Карытас для людзей у патрэбе ў Лепелі. Адрасатамі дапамогі тут з’яўляюцца не толькі жыхары Лепельшчыны, але і іншых раёнаў Віцебскай вобласці.

[2]

Каардынатар праекта, юрыст і сацыяльны работнік аказвалі дапамогу ў выглядзе па наступных напрамках:

– псіхасацыяльныя кансультацыі на месцах альбо ў межах выязной работы (2050 чалавек);

– матэрыяльная дапамога (1280 чалавек);

– харчовыя наборы і сродкі асабістай гігіены (350 чалавек);

– адзенне і абутак, што былі сабраныя неабыякавымі людзьмі (1670 чалавек);

– кваліфікаваная юрыдычная дапамога людзям, якія жывуць у нястачы.

Адным з запатрабаваных і актуальных дзеянняў “Карытас Віцебск” стаў праект “Good Start”. Дзякуючы дадзенаму праекту дапамогу ў выглядзе набораў змаглі атрымаць 404 шматдзетныя, няпоўныя, апякунскія сям’і, якія выхоўваюць дзетак першага году жыцця. Бацькі атрымалі наборы, што складаліся з неабходных рэчаў для добрага жыццёвага старту дзіцяці.

[3]

“Карытас Віцебск” не забывае пра людзей і ў зімовы перыяд. У мінулым годзе дзякуючы падтрымцы “Карытас Лінц” (Аўстрыя) 95 сем’яў у патрэбе бясплатна атрымалі цвердапаліўныя матэрыялы (дровы, брыкет) для ацяплення дамоў.

У якасці падмогі для хатніх сельскіх гаспадарак у 2024 годзе пры супрацоўніцтве з дзяржаўнымі сацыяльнымі ўстановамі Віцебскай вобласці (ТЦСАН Віцебскага, Браслаўскага, Докшыцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў) і каталіцкімі парафіямі Докшыцкага, Браслаўскага, Ушацкага раёнаў 399 сем’яў, якія адносяцца да ўразлівых катэгорый грамадзян, атрымалі ад “Карытас” свойскую птушку (курэй).

[4]

243 сям’і, што належаць да ўразлівых катэгорый грамадзян, атрымалі саджанцы пладовых дрэў. Гэта стала магчымым, падкрэслім, пры падтрымцы “Карытас Лінц” (Аўстрыя).

Такога кшталту дапамога станоўча паўплывала на якасць жыцця бенефіцыяраў і дапамагла значнай эканоміі сямейнага бюджэту.

[5]

Адзін з самых даўніх праектаў – клуб “Бэтэль” для людзей з інваліднасцю – дзейнічае ў сядзібе “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Больш як трыццаць маладых людзей і іх бацькоў сустракаюцца разам, каб займацца творчасцю, спяваць, знаходзіць новых сяброў і добра праводзіць час. Для наведвальнікаў клуб “Бэтэль” ператварыўся ў нешта значна большае, чым проста праект, для іх ён стаў другім домам, дзе пануюць добразычлівасць і любоў.

[6]

Рэсурсны цэнтр сацыяльнай інтэграцыі – яшчэ адзін дастаткова маштабны праект “Карытас Віцебск”. У ім арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей, многія з якіх церпяць на дэменцыю ці маюць інваліднасць.

Для наведвальнікаў і іх сваякоў тут існуе магчымасць скарыстацца кансультацыяй псіхолага, зрабіць масаж у масажным крэсле. Для фізічнага аздараўлення можна таксама пазаймацца на трэнажорах для рук і ног, паспрабаваць розныя віды гімнастыкі альбо проста адпачыць у пакоі рэлаксацыі. Акрамя гэтага, сацыяльныя работнікі “Карытас” арганізоўваюць разнастайныя заняткі на развіццё логікі і памяці, дробнай маторыкі, адмысловыя творчыя і кулінарныя майстар-класы, чаяванне.

[7]

З мэтай спрыяння паляпшэнню псіхаэмацыйнага стану тых, хто даглядае людзей з дэменцыяй, у 2024 годзе стартаваў курс PROmencija. Гэта сустрэчы, якія закліканыя дапамагчы зразумець людзей з дэменцыяй і як мага больш адэкватна адказаць на іх патрэбы. Тут можна атрымаць прафесійную дапамогу і падтрымку тым, хто здзяйсняе догляд пажылога чалавека.

У межах дзейнасці Рэсурснага цэнтра сацыяльныя работнікі таксама даюць сацыяльна-бытавыя кансультацыі і садзейнічаюць у адаптацыі жылых памяшканняў для людзей з цяжкімі захворваннямі. У 2024 годзе больш за 180 чалавек атрымалі неабходныя сродкі рэабілітацыі (хадункі, прыложкавы столік, апора для спіны, кій, супрацьпралежневы матрац/падушка, поручні для ванны і туалета, насадка на ўнітаз і іншае).

“Карытас Віцебск” аказвае дапамогу людзям, пазбаўленым уласнага дому і падтрымкі блізкіх, пры цесным супрацоўніцтве з цэнтрамі часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы. У мінулым годзе дзеля таго, каб забяспечыць ім больш годнае жыццё, былі закупленыя прадукты харчавання, адзенне і гігіенічныя сродкі, а таксама мэбля для абсталявання цэнтра, тэхнiчныя сродкi і гаспадарчыя тавары. Аднымі з асноўных бенефіцыяраў праектаў “Карытас” з’яўляюцца парафіі Віцебскай дыяцэзіі.

[8]

Пад апекай “Карытас” таксама знаходзяцца інтэграцыйныя святліцы і араторыі, што дзейнічаюць пры парафіях Віцебскай дыяцэзіі. У прыватнасці, у 2024 годзе былі закупленыя наступныя тавары: мэбля і кухонная тэхніка, музычнае абсталяванне, канцылярскія тавары і тавары для творчасці, спартыўнае абсталяванне і інвентар, кухоннае абсталяванне, прадукты харчавання, а таксама калядныя падарункі і падарункі на конкурс батлеек, праведзены рамонтна-будаўнічыя работы.

Валанцёрскі рух Карытас Віцебск. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. У “Карытас Віцебск” ёсць 33 валанцёры – людзі, якія бескарысна дапамагаюць нашай арганізацыі ў справах міласэрнасці. Чым займаюцца валанцёры “Карытас”?

У першую чаргу, яны дапамагаюць праводзіць сацыяльна важныя мерапрыемствы. Мы разам наведваем інтэрнаты і пансіянаты, дзе знаходзяцца людзі ўразлівых катэгорый. Валанцёры таксама дапамагаюць арганізаваць мерапрыемствы па фондрайзінгу. Віцебскі “Карытас” шчыра запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у валанцёрскай дзейнасці.

У сваім каментарыі адносна чарговага года дзейнасці “Карытас” у Віцебскай дыяцэзіі дырэктар кс. канонік Віктар Місевіч адзначыў: “Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усім нашым дабрачынцам, якія дапамагаюць нам ажыццяўляць справы міласэрнасці. Гэта, вядома, нашы замежныя партнёры з каталіцкіх фондаў, але таксама і звычайныя вернікі Віцебскай дыяцэзіі. Дзякуючы іх добраму сэрцу мы можам арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на дапамогу бедным. Кожны месяц я малюся, адпраўляючы Св. Імшу за нашых ахвярадаўцаў, супрацоўнікаў “Карытас” і валанцёраў. Перакананы, што, атрымаўшы Божае спрыянне і ласку, мы зможам дапамагчы як мага большай колькасці людзей”.

Запрашаем вас сачыць за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках:

Марына Ткач, тэкст.
Фота з архіва “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі.

Каритас Витебск нуждается в Вашей помощи. Чтобы поддержать нас, переведите, пожалуйста, пожертвование через систему «Расчет» (ЕРИП).
— Система «Расчет» (ЕРИП) (Или код услуги 202783)
— Благотворительность, общественные объединения
— Религиозные объединения
— Каритас Витебской епархии
— Пожертвование
Спасибо за вашу поддержку! Каждый месяц директор Каритас кс. Виктор Мисевич за всех благотворителей служит св. Мессу.