[1]Каталіцкія мігранты з Азіі адыгрываюць ключавую ролю ў адраджэнні Касцёла ў Аўстраліі, змякчаючы спад колькасці мясцовых вернікаў і прыносячы маладосць у парафіі буйных гарадоў.
Каталіцкія мігранты ўсё больш і больш вызначаюць аблічча Касцёла ў Аўстраліі. Новае даследаванне Нацыянальнага цэнтра душпастырскіх даследаванняў паказвае, што прыезджыя вернікі спрыяюць глыбокаму касцельнаму аднаўленню.
Арцыбіскуп-эмерыт Брысбена Марк Колерыдж прызнаў, што без іх сітуацыя была б крытычнай. «Калі б мы забралі в’етнамцаў, індыйцаў і філіпінцаў, мы б апынуліся ў няпростым становішчы», — адзначыў іерарх. Яшчэ ў душпастырскім пасланні за 2025 год аўстралійскія біскупы выказалі ўдзячнасць за гэты «велізарны ўклад».
Хоць католікі застаюцца найбуйнейшай рэлігійнай групай краіны, іх доля сярод насельніцтва змяншаецца. Згодна з усеагульным перапісам 2021 года, іх доля сярод насельніцтва знізілася з 22,6 працэнта да 20 працэнтаў. На той момант 21 працэнт з 5 мільёнаў католікаў нарадзіліся за межамі Аўстраліі. Цяпер амаль кожны пяты вернік паходзіць з неангламоўнага асяроддзя. Найбуйнейшай групай з’яўляюцца філіпінцы, якія складаюць 4,3 працэнта, але таксама шмат вернікаў прыбывае з Індыі, В’етнама, Ірака, Лівана і Шры-Ланкі.
Гэтая тэндэнцыя выразна адлюстроўваецца на наведвальнасці набажэнстваў. Калі агульны ўдзел у Імшах падае, то ва ўсходніх дыяцэзіях назіраецца імклівы рост. Напрыклад, сіра-малабарская епархія дзякуючы прытоку вернікаў з Індыі зафіксавала рост наведвальнасці на 90 працэнтаў. Колькасць удзельнікаў літургіі там павялічылася з 4390 чалавек у 2016 годзе да 8352 у 2021 годзе.
Цяпер у Аўстраліі набажэнствы цэлебруюцца як мінімум на 42 мовах у некалькіх абрадах і самых розных формах.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]