[1]У суботу, 29 жніўня, у дзень успаміну мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле адбылося агульнадыяцэзіяльнае спатканне ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». Нягледзячы на тое, што «Маргарытак» у Віцебскай дыяцэзіі шмат, на гэтую сустрэчу сабралася толькі частка з іх. Аднак тых, хто прыехаў, яднала адна важная місія — малітоўная падтрымка тых, хто прысвяціў сябе служэнню Богу.
Спатканне распачалося з канферэнцыі, якую правёў а. Яраслаў Банасяк OFMConv. З нагоды юбілейнага года 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага францішканін падзяліўся ведамі пра святога заступніка і яго ордэн. Святар растлумачыў Тры станы Касцёла: свецкія вернікі, духавенства і кансэкраваныя асобы, а найбольш засяродзіўся на ордэне братоў меншых.
Айцец Яраслаў нагадаў, што св. Францішак не хацеў закладаць ніякага ордэну, а проста жыць паводле Евангелля. Вакол яго пачалі збірацца мужчыны, якія хадзілі па вёсках і збіралі ахвяраванні. З часам іх колькасць расла, і за жыцця святога налічвалася ўжо каля 5 тысяч братоў. Сёння францішкане падзяляюцца на некалькі галінаў: францішкане канвентуальныя OFMConv (якія служаць, напрыклад, у Удзеле і Івянцы), капуцыны OFMcap (у Докшыцах, Маладзечне) і бернардынцы OFM (якія былі ў Будславе).
«Кароль моладзі Асізі» — так называлі Францішка сябры ў дзяцінстве, бо ён шмат грошай траціў на гульні і забавы — вучыў любіць святароў, заклікаў маліцца за іх і шанаваць іх. І меў на ўвазе не толькі асобу чалавека, але само святарства, бо менавіта святар удзяляе сакраманты.
Пасля канферэнцыі ўдзельнікі сустрэчы сабраліся на Адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовую малітву. Была таксама магчымасць споведзі, каб, ачысціўшы сэрцы, атрымаць поўны адпуст.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто трывае ў малітве, даручаючы Богу духоўных асобаў. «Няхай прыклад жыцця святога Яна Хрысціцеля дапаможа і нам зразумець, што ахвяра, якую складаем Богу, заўсёды будзе прынятай, толькі няхай наша сэрца застаецца верным навуцы Езуса Хрыста і пакліканню», — звярнуўся да вернікаў біскуп.
На пачатку Імшы біскуп Алег падзякаваў за прысутнасць і асабліва за трываласць у малітве: «Ахвяраваўшыся на ўсё жыццё малітвы за тую ці іншую асобу — гэта вялікая адказнасць, за якой стаіць і ўзнагарода».
У сваім казанні біскуп звярнуў увагу на ролю выпадку ў жыцці чалавека. «Здараюцца пэўныя моманты і падзеі, часам нечаканыя, якія могуць вельмі моцна паўплываць на жыццё чалавека, змяніць яго на «да» і «пасля». Як гэта сталася і ў жыцці Ірада. Але тое, як мы павядзем сябе ў гэты момант, вырашае папярэдняе жыццё чалавека», — патлумачыў іерарх. Ён заахвоціў шукаць у сваім жыцці як мага пільней волю Божую і будаваць яго на Божым слове, каб у вызначальны момант сустрэчы ў вечнасці ён стаў для нас шчаслівым. «Будуючы наша жыццё, як мазаіку з нязначных асобных каменчыкаў, калі паглядзець на ўсю мазаіку з перспектывы, то ўкладаецца вельмі прыгожы абраз», — дадаў біскуп.
Пасля малітоўнай часткі ўсе чальцы руху змаглі падсілкавацца ў «Сялібе Беззаганнай» і паразмаўляць. На заканчэнне ўдзельнікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці а 15-й гадзіне, асвяцілі розныя рэлігійныя памяткі з Мястэчка Беззаганнай і ўшанавалі рэліквіі св. Францішка. На памяць сустрэчы быў зроблены агульны фотаздымак каля фігуры св. Максімільяна Марыі Кольбэ.
Марына Сінкевіч


























